МІНСК, 5 кас — Sputnik. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў сераду прынялі ў другім чытанні папраўкі ў Падаткавы кодэкс на 2017 год.
Як праінфармаваў парламентарыяў намеснік старшыні парламенцкай камісіі па бюджэце і фінансах Аляксандр Мякінік, пры падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання была ўлічаная папраўка дэпутата Вольгі Палітыка.
"Гэтая папраўка тычылася ўнясення змяненняў у ліцэнзуемыя віды дзейнасці. Прапаноўвалася, каб такая дзейнасць, як відэаздымка падзей, не адносілася да ліку ліцэнзуемых. Мы ўлічылі гэтую прапанову", — сказаў Мякінік.
Паводле яго слоў, папраўкі ў падаткавы кодэкс не закранаюць асноўныя стаўкі падаткаў і збораў. У той жа час захавана норма аб пераходзе з долара на беларускі рубель пры фарміраванні шэрагу ставак падаткаў, у тым ліку падатку на зямлю.
Пасля кароткіх спрэчак дэпутаты прынялі праект змяненняў і дапаўненняў у Падаткавы кодэкс у другім чытанні. Зараз ён павінен быць ухвалены верхняй палатай парламента і падпісаны прэзідэнтам, пасля чаго ўступіць у сілу.