МІНСК, 5 кас — Sputnik. Дайвер акіянарыума Underwater World Singapore ў Сінгапуры памёр пасля ўдару шыпахвостага ската, паведаміла ў сераду ВВС.
Паводле інфармацыі канала, 62-гадовы Філіп Чан рыхтаваў да пераезду ў іншы акіянарыум марскіх насельнікаў, якія знаходзяцца ў Underwater World, калі адбыўся інцыдэнт. Мужчына быў дастаўлены ў бальніцу, дзе ў хуткім часе памёр.
Underwater World Singapore быў зачынены для наведвальнікаў у чэрвені. Чан стаў адным з дзесяці супрацоўнікаў, якія прыглядалі за насельнікамі акіянарыума, пакуль ім падшуквалі новы дом. Паведамляецца, што Чан працаваў у акіянарыўме з самага яго адкрыцця ў 1991 годзе.
Большасць скатаў, якія жывуць у прыбярэжных трапічных водах, маюць адзін або некалькі шыпоў на сваіх хвастах, якія яны выкарыстоўваюць для самаабароны.