МІНСК, 6 кас — Sputnik. Дажджлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў чацвер 6 кастрычніка: на большай частцы тэрыторыі рэспублікі прагназуюцца ападкі, але будзе крыху цяплей — па паўднёвым усходзе краіны да +16°C, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Раней прагназавалі, што дажджлівае надвор'е ў краіне захаваецца да канца тыдня, а на чацвер быў зноў абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
"Будзе воблачна з праясненнямі, на большай частцы тэрыторыі дажджы. Вецер пераменных напрамкаў умераны, па поўначы парывісты. Максімальная тэмпература паветра складзе +8..+14°C, па паўднёвым усходзе Беларусі — да +16°C", — сказалі ў Гідрамеце. Там таксама паведамілі, што ў Мінску днём тэрмометры пакажуць +10..+12°C, дождж чакаецца ў асноўным у першай палове дня.
Напярэдадні начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Гідрамета Дзмітрый Рабаў паведаміў Sputnik, што ў бліжэйшыя дні ў рэспубліцы чакаецца пахаладанне: да канца тыдня сярэднясутачная тэмпература паветра апусціцца ніжэй +8°С, а ўжо на наступным тыдні ўсталюецца халоднае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай +3..+7°С.