Сяргей, або Жалезны тыдзень

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЖалезныя прасы на вугалях
Жалезныя прасы на вугалях - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Мая бабуля Гэлька, як і яе сяброўка Антуніна, трымала ў галаве ўсе святы і прысвяткі, пазначаныя ў вусным народным календары. Сялянка запісвала ў адмысловы дзённік бліжэй да якога свята выбірала бульбу, сеяла капусту і агуркі, калі нараджаліся ўнукі і памёр гаспадар...
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Параска і Ганна, Пахом і Мікола, Змітрок і Матрона, Каляды і Вялікдзень, Купалле і Пакровы прыходзілі да селяніна кожны ў свой час і былі добрым арыенцірам у выкананні сезонных работ.
Вось і цяпер на парозе "Сяргей". Толькі не падумайце, што зранку ў хату прыплёўся бавіць час гультаяваты сусед. Яго дакладна б выправілі за дзверы, бо на пачатку кастрычніка ў гаспадароў яшчэ работы хоць адбаўляй, ды і абібокам адзін сказ: "Лянота есць чалавека, як іржа жалеза!"

Кастрычнік зямлю балоціць, а лес дык залоціць

А на дварэ з кожным днём усё халадней, і ўсё часцей хочацца прытуліцца да гарачай печы. Кастрычнік — сярэдні месяц восені, па характару ён сапраўдны халерык — бо мае зменлівае надвор'е.
Зранку дождж, у абед сонца, а ўвечары снег. Нездарма ж казалі: "Кастрычнік зямлю балоціць, а лес дык залоціць", "У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі", "У кастрычніку снег толькі на грэх".
У пачатку месяца адзначаюць прысвятак Сяргей і кажуць, што "з Сяргея пачынаецца зіма".
Але гэта ўжо нікога не пужае. Земляныя работы завершаны, а плугі, бароны і сошкі абачлівы гаспадар прыхаваў па павецях да вясны. Але перш чым пакінуць іх у спакоі, надышоў час  давесці да ладу гэты інвентар.
8 кастрычніка, згодна народнаму календару, пачынаецца "жалезны тыдзень", калі па даўняй завядзёнцы чысцяць і змазваюць жалезныя рэчы, каб цэлы год не ржавелі і не ламаліся.

Гаспадар пахне ветрам, гаспадыня — дымам

Вы, можа, скажаце, што зараз плугі, сошкі і бароны нікому не патрэбныя і ў гаспадароў на вёсцы сучасная тэхніка? Што ж, няхай сабе і так, але і "жалезныя коні", і электрычныя плужкі, касілкі і трымеры, як і сярпы, матыкі і рыдлёўкі патабуюць увагі. Усё гэта гаспадарова работа, а валадарства гаспадыні — кухня. Не здарма ж кажуць: "Гаспадар пахне ветрам, гаспадыня — дымам": то бок мужчына ўпраўляецца па-за хатай, валадарства жанчыны — хата.
Тут працы столькі, што без дапамогі не абыйсціся, асабліва там, дзе, акрамя газавай пліты, ёсць яшчэ і печ.
Трэба пачысціць да бляску чыгункі і патэльні, вілкі і качэргі, трыногі і ёмкі, нажы і відэльцы, міскі і лыжкі і г.д. Карацей, усё дагледзець і спарадкаваць, каб прадметы добра служылі і былі даўгавечныя. У горадзе таксама не грэх на працягу тыдня перагледзець усе жалезныя прадметы, якія маюцца ў гаспадарстве і, магчыма, выкінуць не патрэбнае.

Цымпапер і луг — чым пачысціць жалеза

Зразумела, што сёння можна зайсці ў гаспадарчую краму і набыць любы сродак для догляду за металам, а прадавец-кансультант яшчэ і патлумачыць, што да чаго. Век прагрэсу! Але цікава, чым і як чысцілі рэчы з розных металаў нашы продкі. Магчыма, іх досвед у гэтай справе будзе нам не лішні.
 
 
Матуля казала, што дзед змазваў рухомыя металічныя дэталі тавотам (старая назва салідола), пячныя прылады і чыгункі бабуля чысціла пяском пры дапамозе вехаця, які скручвала з хвашча або інакшай грубай травы, відэльцы чысціла попелам або цымпаперам (папера накшталт наждачнай), рабіла мыючы сродак з попелу і гарачай вады, які называўся луг.
Цікавымі і карыснымі выглядаюць парады Ганны Цюндзявіцкай, аўтаркі гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня". Вось некаторыя з іх.

Як чысціць медзь і латунь

Дробна расцёртымі вугалямі, попелам, вапнай ці нарэшце дробна патоўчанай цэглай пасыпаюць суконку або старое палатно, націраюць рэчы, абмываюць лугам ці гарачай брагай, ці сыроваткай. Потым палошчуць чыстай вадой, высушваюць на сонцы або выціраюць насуха. Бо ад усялякай вільгаці посуд псуецца.
Мелам, змешаным з серай і залітым воцатам, што ператварыўся ў густую кашку, таксама праціраюць латунныя прадметы. Гэта надае ім прыгожы жоўты колер.

Як зберагчы жалеза і сталь ад іржы

Наогул, усялякі тлушч засцерагае металічныя рэчы ад іржы, таму іх неабходна змазваць алеем сланечнікавым, ільняным ці канапляным, а ў асаблівасці дысцыляваным на сонцы тлушчам ад вугроў. Апошні не толькі захоўвае ад іржы, але нават здымае яе са сталі. Трэба нанесці яго на заржавелыя месцы і працерці дробна патоўчанай пемзай ці крэменем.
Стальныя прадметы намазваюць разведзеным вінным асадкам. А праз гадзіну праціраюць суконкай. Пасля некалькі разоў такой чысткі іржа знікае.

Як чысціць срэбра

Расціскаюць журавіны, дадаюць да іх столькі ж вады і кіпяцяць там срэбра, якое пасля чысцяць дробным мелам і замшай або суконкай. Толькі пазалоце шкодзяць усялякія кіслоты.
Паколькі пры частай чыстцы, нават самай асцярожнай, заўсёды знімаецца трохі срэбра, лепш за ўсё замачыць посуд на ноч у халоднай вадзе, а назаўтра адмыць плямы і выцерці насуха. Іншымі ж спосабамі чысцяць срэбра толькі ў тым выпадку, калі згаданы будзе недастатковы для знішчэння бруду.

Як чысціць волава

Адразу памыць мелам і сукном у гарачым лузе, а пасля папаласкаць вадой.

Страва для Сяргеяў

Бульбяная бабка
1,5 кг бульбы, 1 ст лыжка мукі, 2 цыбуліны, 50-100 г сала, 2 ст лыжкі топленага масла або тлушчу, соль, 1 ст лыжка насення кропу, лаўравы ліст.
Бульбу абабраць, надраць на тарцы, дадаць муку, абсмажаную на дробна пакрышаным сале цыбулю, кроп, лаўравы ліст, соль, перамяшаць. Сценкі глыбокай патэльні або чыгуна вышмараваць тлушчам і выкласці туды бульбяную масу, апырскаць маслам і запячы ў духоўцы або печы.
Смачна есці!
Цікавінка. Хімічны элемент з групы металаў жалеза фарбуе лісце ў зялёны колер, а кроў — у чырвоны.
Стужка навiн
0