МІНСК, 10 кас — Sputnik. Дэпутаты настойваюць на тым, каб дзейнасць парламента больш актыўна асвятлялася ў СМІ, пра гэта заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Барадзеня ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ.
"Я не падзяляю погляд пра тое, што парламент праяўляе мала заканадаўчай ініцыятывы. Кожны закон — праца не аднаго дня, праца вялікіх калектываў людзей. Пакуль па законапраекту не дасягнуты кансенсус, ён не будзе вылучаны на абмеркаванне ў Авальную залу. Стварыце на тэлебачанні "Парламенцкую гадзіну", запрашайце нас спрачацца", — заявіў Барадзеня.
Дэпутат-"пачатковец" Алена Анісім таксама лічыць, што парламенту неабходна лепшае асвятленне ягонай дзейнасці ў СМІ. "Законы прымаюцца дзеля таго, каб паляпшалася жыццё, каб лепш працавала эканоміка, каб людзі адчувалі сябе сацыяльна абароненымі", — патлумачыла свае задачы на новай пасадзе Анісім. Дэпутаты таксама дадалі, што не трэба недаацэньваць выбаршчыка. Варта звярнуцца з пытаннямі да людзей, і можна пачуць мноства меркаванняў практычна па любым пытанні, вынесеным на абмеркаванне парламента.