МІНСК, 10 каc — Sputnik. Галоўная тэма Сусветнага дня псіхічнага здароўя сёлета — псіхалагічная і псіхічная першая дапамога, а таксама фарміраванне псіхалагічнай культуры ў насельніцтва, паведамілі Sputnik медыкі.
Сусветны дзень псіхічнага здароўя адзначаецца штогод, аднак сёлета ён прыцягнуў асаблівую ўвагу беларусаў праз трагедыю, якая здарылася ў суботу: падлетак напаў на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра Мінска з сякерай і бензапілой.
Імя таго, хто нападаў у ГЦ "Еўропа", праваахоўныя органы, вядома ж, не называюць, аднак яны адзначылі: яго псіхічны стан выклікае пытанні, а цяпер яго стан будуць вывучаць лекары.
У Еўропе просяць дапамогі 15% насельніцтва, у Беларусі — 7%
Летась у краіне было зарэгістравана 620 тысяч чалавек, якія звярнуліся за аказаннем псіхіятрычнай і наркалагічнай дапамогі, — гэта 7% насельніцтва. У Еўропе гэты паказчык у два разы больш — 15%.
Загадчык сектара псіхіятрыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Павел Рынкаў мяркуе, што прычына гэтага — у менталітэце. Многія беларусы баяцца ці не хочуць звяртацца да псіхолагаў і іншых спецыялістаў, хоць у рэспубліцы гэта можна рабіць і ананімна, а большасць пацыентаў лечаць амбулаторна.
Тэма Сусветнага дня псіхічнага здароўя сёлета — першая дапамога і фарміраванне неабходнай культуры ў грамадстве. Неабходна памятаць, што душэўныя захворванні могуць быць небяспечныя не толькі для самога хворага, але і для навакольных.
Праблемы праз наркотыкі
Традыцыйна, значная колькасць пацыентаў псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў пакутуюць на дэпрэсію, шызафрэнію, хваробы Альцгеймера, эпілепсію і іншыя хваробы. Аднак у многіх захворванні выкліканыя наступствамі прыёму наркатычных рэчываў, у тым ліку і так званых спайсаў.
Куды звяртацца?
- Пры любых праблемах і пытаннях не абавязкова ісці да ўрача — першым крокам можа быць і зварот да спецыялістаў па гарачай лініі. Такі званок бясплатны, і ў рэспубліцы ёсць некалькі нумароў псіхалагічнай дапамогі: Рэспубліканскі тэлефон даверу для наркалагічных пацыентаў: 8 801 100 21 21.
- Гарачая лінія па аказанні псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім, якія трапілі ў крызісную сітуацыю: 8 801 100 16 11.
- Тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў: 8 017 246 03 03.
Свае тэлефоны даверу ёсць і ў абласцях Беларусі. З поўным пералікам кантактаў вы можаце азнаёміцца на сайце Міністэрства аховы здароўя рэспублікі.