МІНСК, 11 кас — Sputnik. Беларусь можа разлічваць на атрыманне ад МВФ крэдыту ў памеры да 3,4 мільярда долараў, паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур. Мінск абмяркоўвае з фондам пачатак новай праграмы, якая, як чакаецца, будзе падтрымана крэдытам на 3 мільярды долараў у рамках пашыранага фінансавання пад 2,28% гадавых на дзесяць гадоў.
Перамовы ўвязаныя з абмеркаваннем мер па лібералізацыі беларускай эканомікі. Адным з пытанняў, якія патрабуюць узгаднення, з'яўляюцца тарыфы ЖКГ.
Урадавая дэлегацыя на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Васілём Мацюшэўскім на мінулым тыдні правяла шэраг сустрэч у Вашынгтоне.
"Велічыня крэдыту залежыць ад стану плацёжнага балансу краіны і ад параметраў самой праграмы. З улікам нашай квоты ў МВФ мы можам разлічваць на крэдыт ад 3 да 3,4 мільярда долараў", — сказаў Калаур у аўторак журналістам у Мінску. Ён дадаў, што, зыходзячы з умоў праграмы, Беларусь разлічвае на тры мільярды долараў крэдыту, аднак не выключана, што гэтая сума можа апынуцца большай.