МІНСК, 11 кас — Sputnik. Беларусь выступае за адкрыты і шчыры дыялог паміж краінамі НАТА і Расіяй, заявіў міністр замежных спраў рэспублікі Уладзімір Макей падчас візіту ў Польшчу.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства правёў шэраг сустрэч у Польшчы. На іх падымалася нямала пытанняў, сярод якіх і пытанне бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне. Міністр нагадаў: і Беларусь, і Польшча моцна пацярпелі ад розных войнаў і выступаюць супраць любых сілавых рашэнняў праблем.
"Мы адмоўна ставімся да таго, што адбываецца цяпер у нашым рэгіёне. Негатыўна ў тым плане, што мы лічым, што гонка ўзбраенняў, якая ўжо абазначылася, тое, што адбываецца назапашванне дадатковых вайсковых кантынгентаў на ўсходзе і на захадзе, не спрыяе большай бяспецы ў рэгіёне", — адзначыў кіраўнік МЗС.
Адкрытасць і транспарэнтнасць
Беларускі міністр ізноў паўтарыў тэзіс пра тое, што рэспубліка не хоча стварэння новых раздзяляльных ліній на кантыненце. "Наадварот, мы хацелі б, каб паміж НАТА і Расіяй быў вельмі адкрыты, транспарэнтны і шчыры дыялог. На жаль, няма пакуль шчырага дыялогу паміж геапалітычнымі гульцамі, паміж ЗША і Расіяй, паміж НАТА і Расіяй. І мы лічым, што гэта адна з галоўных праблем. Павінен быць дыялог для таго, каб была магчымасць абмяркоўваць адкрыта і транспарэнтна тыя праблемы, якія існуюць у той ці іншай сферы нашых адносін", — адзначыў Макей.
Часы агрэсіі, спадзяемся, у мінулым
Разам з тым міністр замежных спраў Беларусі падкрэсліў, што наша краіна не вітае дадатковае размяшчэнне кантынгенту войскаў НАТА ў Польшчы і краінах Балтыі — проста на памежжы з рэспублікай.
"Але мы разумеем, што не можам прадухіліць гэтую тэндэнцыю і стараемся зразумець логіку нашых польскіх і прыбалтыйскіх партнёраў. Нам не хочацца верыць, што НАТА мае ў сваіх планах здзейсніць нейкую агрэсію ў дачыненні да Беларусі, зусім не. Мы спадзяемся, што гэтыя часы сышлі ў мінулае. Але, тым не менш, мы таксама думаем аб павышэнні боегатоўнасці нашых узброеных сілаў, аб прыняцці на ўзбраенне новых сістэм узбраенняў і г.д.", — дадаў кіраўнік МЗС.
Беларусь не ўспрымае тое, што адбываецца ў Польшчы і балтыйскіх краінах, як прамую ваенную пагрозу, але "мы лічым гэта пэўным выклікам і думаем пра метады адэкватнага рэагавання на гэтыя пагрозы".