МІНСК, 11 кас — Sputnik. Дызайнер Атрцемій Лебедзеў па рашэнні суда выплаціў ветэрану з Масквы Сяргею Крамарэнка 1 мільён расійскіх рублёў за абразлівае паведамленне ў сваім ЖЖ пра горад Брэст.
Словы і зыскі
9 мая 2014 года Лебедзеў апублікаваў пост па матывах складзенага CNN рэйтынгу "Самых выродлівых манументаў свету", сярод якіх называўся і манумент "Мужнасць" у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой". Лебедзеў, разважаючы пра неэстэтычнасць помніка, заўважыў тады, што і сам горад Брэст паводзіў сябе зусім не па-геройску — мірнае насельніцтва ў спешцы пакінула горад у першыя дні вайны, не жадаючы яго абараняць, а адважны супраціў аказала толькі крэпасць, у якой знаходзіўся савецкі ваенны полк.
Неўзабаве скандальны рэйтынг c сайта CNN быў выдалены, а на Лебедзева абрынулася хваля народнага абурэння. Некалькі чалавек падалі на яго ў суд. Сёлета ў красавіку ён ужо выплаціў 500 тысяч расійскіх рублёў ветэрану з Валгаграда Марыне Міхаліцкай, а зараз Вярхоўны суд Расіі задаволіў пазоў маскоўскага ветэрана Сяргея Крамарэнкi, спагнаўшы з блогера на яго карысць 1 мільён рублёў.
Брэст даказаў мужнасць усёй сваёй гісторыяй
"Так і павінна быць", — перакананы дырэктар мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Рыгор Бысюк.
"У кожнага ёсць сваё меркаванне, але абражаць пачуцці большасці людзей нельга. Гісторыя не мае ўмоўнага ладу, калі ты вырашыў выказаць сваё меркаванне, трэба думаць і аб тых наступствах, якія яно можа пацягнуць", — перакананы дырэктар мемарыяла подзвіга савецкіх памежнікаў.
Да таго ж, на думку Рыгора Бысюка, у дачыненні да Брэста, які заўжды першым сустракаў атакі непрыяцеля ва ўсіх войнах, такія эпітэты недапушчальныя. Горад усёй сваёй гісторыяй даказаў патрыятызм, бясстрашнасць і мужнасць.
"Нельга ганіць гісторыю. І малайчына ветэран, які не проста выказаў свае абражаныя пачуцці, але і пайшоў далей, давёў справу да суда і выйграў яго", — сказаў Бысюк.
Неўзабаве пасля таго, як на яго пачалі падаваць у суд пакрыўджаныя ветэраны, Лебедзеў выдаліў пост пра манумент і Брэст са свайго блога. Але хвалю незадаволенасці гэта ўжо не спыніла.