МІНСК, 14 кас — Sputnik. Штогадовая Міжнародная выстава ўзбраеннай і ваеннай тэхнікі MILEX-2017 пройдзе ў Мінску ў маі наступнага года на дзвюх пляцоўках — культурна-спартыўнага комплекса "Мінск-Арэна" і на пляцоўцы аэрапорта Мінск-1, паведамілі Sputnik у Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі.
Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падпісаў распараджэнне, якім створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ў беларускай сталіцы восьмай выставы MILEX, узначаліў камітэт старшыня ДВПК Сяргей Гурулёў.
"Выстава пройдзе ў Мінску з 20 па 22 мая 2017 года. Яе экспазіцыя будзе разгорнута ў шматфункцыянальным культурна-спартыўным комплексе "Мінск-Арэна" і на пляцоўцы аэрапорта Мінск-1", — сказалі ў прэс-службе камітэта.
Там таксама падкрэслілі, што асноўныя экспазіцыі будуць адлюстроўваць сучасныя тэндэнцыі міжнародных рынкаў узбраення і магчымасці беларускай "абаронкі".
Экспаненты прадставяць у Мінску новую прадукцыю, перспектыўныя і высокатэхналагічныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецтэхнікі.
Апошняя выстава MILEX прайшла ў 2014 годзе ў "Белэкспа", на ёй сваю прадукцыю прадставілі 169 прадпрыемстваў, канструктарскіх бюро, НДІ, ВНУ і іншых арганізацый з пяці краін. Экспазіцыя выставы складала 6 тысяч квадратных метраў у памяшканні "Белэкспа" і больш за 8 тысяч квадратных метраў на адкрытай пляцоўцы.