МІНСК, 18 кас — Sputnik. Міжведамасная рабочая група па распрацоўцы сістэмы страхавання ад беспрацоўя ствараецца ў Беларусі па даручэнні Савета міністраў, паведамілі Sputnik у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны рэспублікі.
У склад групы ўвойдуць прадстаўнікі Мінпрацы, Мінэканомікі, Мінфіна і Мінюста, а таксама прадстаўнікі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і наймальнікаў.
"Ствараецца працоўная група, якая ў наступным годзе распрацуе пакет нарматыўных актаў па гэтай праблематыцы. Плануецца, што ў 2017 годзе будзе распрацаваны пакет праектаў нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць механізмы фарміравання і выкарыстання страхавога фонду", — паведамілі ў Мінпрацы.
Там адзначылі, што ў цяперашні час ужо распрацаваны і прадстаўлены ва ўрад праект дзяржаўнага рашэння, якое прадугледжвае ўдасканаленне мер сацыяльнай абароны асобных катэгорый беспрацоўных. У прыватнасці, прадугледжваецца дыферэнцыяванае павышэнне памеру дапамогі па беспрацоўі і стыпендый грамадзянам, якія праходзяць навучанне па накіраванню органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне.
Памер дапамогі будзе вызначацца зыходзячы з бюджэту пражытачнага мінімуму і будзе складаць 50% і 100% БПМ (у цяперашні час ён складае 175,5 рублёў).