Яўген Казарцев, Sputnik.
Замежныя грамадзяне не могуць уязджаць у Расію праз мяжу Беларусі — паміж краінамі папросту няма міжнародных пунктаў пропуску, якія неабходныя, каб жыхары трэціх краін маглі законна трапляць у РФ. Для многіх інфармацыя пра гэта стала навіной, хоць падобнае прадугледжана яшчэ дамовамі 1995 года, а на адсутнасць МПП паказвалі і ў Пагранічнай службе Расіі.
Карэспандэнты Sputnik выправіліся на мяжу Беларусі і Расіі — каб на свае вочы пабачыць, як жыве прымежжа сёння, і пагаварыць з мясцовымі жыхарамі пра тое, ці ходзяць па лясах гастарбайтэры.
Маршрут першы. КПП "Краснае — Рэдзькі"
Самы загружаны прапускны пункт паміж Беларуссю і Расіяй размешчаны паміж вёскамі Чырвоная горка і Рэдзькі. Праз яго ідзе траса Брэст — Масква, таму папулярнасць маршруту лёгка вытлумачальная. Праехалі праз мяжу мы спакойна: ніхто не спыняў для праверкі пашпартоў, але ж і ехалі мы на машыне з беларускімі нумарамі.
Тыя смаляне, што чулі пра сітуацыю на мяжы, распавялі: у большасці ўязджаючых на машынах пашпарты ўсё ж правяраюць. Уведзены пашпартны кантроль і для аўтобусных маршрутаў, а часам памежная служба выстаўляе пасты і на чыгунцы.
"Чуў пра гісторыю: палякаў развярнулі на "Чырвонай горцы", яны вырашылі схітраваць і перасякчы мяжу на электрычцы. Але на расійскім баку іх усё адно затрымалі, бо яны патрапілі ў краіну незаконна", — расказаў мясцовы жыхар.
Суразмоўца Sputnik выказаў меркаванне: частка замежнікаў, асабліва з ліку тых, хто едзе ў пошуках працы, спрабуюць прайсці ў Расію аб'язнымі шляхамі.
Маршрут другі. ГП Красны — вёска Ляды
Жыхары Смаленшчыны ведаюць: самы папулярны маршрут у абыход КПП на Краснай горцы — праехаць праз пасёлак гарадскога тыпу Красны, паўз вёскі Б. Добрая — і ўехаць ужо ў беларускую вёску Ляды.
"Там заўжды кантрабандысты шасталі раней", — распавёў мужчына сярэдніх гадоў.
У самім пасёлку Красны ні пра мясцовых кантрабандыстаў, ні пра гастарбайтараў з усходнееўрапейскіх краін не чулі. Прадавец у мясцовай краме непадалёк проста развяла рукамі: сказала, што замежнікі да яе як не заходзілі, так і не заходзяць, таму яна нічога распавесці не можа.
Некалькі кіламетраў ад пасёлка ў бок мяжы — маленькія вёскі, у якіх у асноўным жывуць жывёлаводы.
Каровы пасуцца ў памежж
Яшчэ крыху далей — маленькі офіс па продажы аўтамабільных страховак. Яго супрацоўніца не хацела фатаграфавацца, але распавесці аб назіраннях пагадзілася.
"Беларусаў свабодна пускаюць, а замежнікаў — не. Афіцыйнага пераходу тут няма, але памежнікі часам выстаўляюць і тут свае кардоны. Грамадзян іншых краін разварочваюць — армянаў, грузінаў, украінцаў… Калі грузін затрымліваюць — так і арыштоўваюць на некалькі сутак. Такое ўжо каля года, як я памятаю, ва ўсякім разе, для ўкраінцаў і грузінаў. Пра тое, што нельга ездзіць і еўрапейцам, пачула нядаўна зусім", — падзялілася жанчына.
На бізнесе новаўвядзенні не адбіліся: тут страхаваліся пераважна грамадзяне Беларусі.
"Калі выстаўляюць памежнікаў — яны дзяжураць часам і суткамі, пашпарты правяраюць. Але такое было ўжо даўно: два гады таму, калі ўкраінцы хлынулі ў аб'езд, каб працаваць у Расіі. Іх і разварочвалі. Ездзілі цэлымі аўтобусамі, усіх спынялі і потым разварочвалі. Што летась было… Па 15-20 аўтобусаў стаялі і чакалі, пакуль правераць. І потым ім трэба было з'язджаць", — сказала на заканчэнне суразмоўца Sputnik.
Маршрут трэці. Аб'ездаў няма
У Лядах на беларускім боку аб змене парадку перасячэння мяжы казаць не хацелі — апраўдваліся тым, што ўсе пытанні трэба задаваць расіянам, а "мы тут нічога не бачылі". Больш гаваркімі апынуліся жыхары расійскай вёскі Б. Добрая.
"Памежнікі звычайна ў нас крыху далей, за дрэвамі стаяць. Часта бачу, што аўтобусы стаяць — правяраюць. І разгортваюць часта. Спыняюць і машыны, і аўтобусы — усіх", — распавяла мясцовая жыхарка-пастушка.
Паводле слоў жанчыны, супрацоўнікі памежнай службы выстаўляюць пасты на ўсіх дарогах уздоўж мяжы, час ад часу курсуюць па вёсках і бліжэйшых населеных пунктах.
"Аб'ехаць так, каб іх не было, было б складана", — сказала на заканчэнне суразмоўца агенцтва.
Маршрут чацвёрты. Законны
Калі з'явяцца міжнародныя пункты пропуску ў Беларусі — невядома. Пакуль замежніку, які прыехаў па трасе Брэст — Масква, застаецца толькі рабіць крук у сотню кіламетраў, каб патрапіць у Расію праз мяжу з Латвіяй ці Украінай.
Sputnik пагутарыў з навуковым кіраўніком канферэнцыі па прыгранічнаму супрацоўніцтву, якая прайшла ў Смаленску на мінулым тыдні. Прарэктар па навуковай рабоце СГУ Аляксандр Катроўскі — доктар геаграфічных навук, які асаблівую ўвагу надае праблемам развіцця прымежных тэрыторый.
"Шмат хто хоча прыехаць у Катынь — гэта святое для палякаў месца. Але не могуць наўпрост, на жаль, вымушаныя аб'язджаць. Я думаю, пытанне можна было б вырашыць і ўвядзеннем адзінай візавай палітыкі — мы даўно пра гэта гаворым і выступаем за падобныя крокі", — падзяліўся са Sputnik Катроўскі.
Вучоны ўпэўнены: калі вырашыць падобныя пытанні, то гэта будзе і выгадна, і зручна не толькі для замежных грамадзян, але і для жыхароў Беларусі і Расіі.
За найхутчэйшае высвятленне сітуацыі выступаюць і ў прыдарожным сэрвісе: на аўтазапраўках і кафэ ўздоўж трасы М1 многія прызнаваліся: замежнікаў стала сярод наведвальнікаў менш, а адбіцца гэта можа і на бізнесе.
Праўда, на адной з заправак Sputnik сустрэў жыхара Нідэрландаў па імені Берт — мужчына падарожнічае на мікрааўтобусе па свеце.
"Сюды я прыехаў з Улан-Батара, праехаў усю гэтую дарогу цалкам без праблем: людзі вельмі добрыя, ветлівыя. А пра тое, што нельга праз Беларусь ехаць у Расію… Шчыра, ніколі не чуў", — распавёў Берт і прызнаў, што яму пашанцавала загадзя выбраць аптымальны маршрут.
Госць з Нідэрландаў прызнаўся: сам ён заязджаў на тэрыторыю Расіі праз Украіну — там, дзе ёсць міжнародныя пункты пропуску. Гэта значыць, цалкам законна.
Пра тое ж, што мяжу Беларусі і Расіі можна перасякаць толькі грамадзянам Саюзнай дзяржавы, прызнаўся Берт, ніхто з яго знаёмых таксама не казаў.
"Хоць варта было б ведаць", — сказаў на заканчэнне суразмоўца Sputnik.