МІНСК, 20 кас — Sputnik. Урад Беларусі зацвердзіў парадак наведвання Аўгустоўскага канала замежнымі грамадзянамі. Адпаведнае палажэнне прынята пастановай Савета міністраў Беларусі №827 ад 17 кастрычніка 2016 года, гаворыцца ў каментары Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) да дакумента.
"Замежныя грамадзяне могуць наведваць Аўгустоўскі канал у турыстычных мэтах тэрмінам да пяці сутак на падставе сапраўднага дакумента, прызначанага для выезду за мяжу, і дакумента, які прадастаўляе права на індывідуальнае або групавое наведванне Аўгустоўскага канала", — гаворыцца ў каментары.
Для атрымання дакумента на права наведвання Аўгустоўскага канала замежныя грамадзяне ў электроннай або пісьмовай форме прадастаўляюць тураператару парку асабістыя дадзеныя (прозвішча, імя, дата нараджэння, пол, грамадзянства, серыя і нумар дакумента для выезда за мяжу).
"Паколькі дакумент дае права замежным грамадзянам знаходзіцца толькі на тэрыторыі парку, тураператар абавязаны праінфармаваць аб неабходнасці выканання ўмоў і тэрмінаў знаходжання, а таксама аб адказнасці за парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства", — адзначаецца ў каментары.
Згодна з пастановай, наведвальнікі Аўгустоўскага канала абавязаны мець у наяўнасці суму ў беларускіх рублях альбо замежнай валюце, эквівалентнай двум базавым велічыням (42 беларускіх рублі альбо 22 долары — Sputnik), на кожны дзень знаходжання.
Уязджаць у Беларусь для наведвання Аўгустоўскага канала, а таксама выязджаць з краіны замежнікі могуць праз пункты пропуску Лясная (Рудаўка), Брузгі (Кузніца Беластоцкая), Прывалка (Швяндубрэ) і Прывалка (Райгардас).
Пастанова ўступае ў сілу з 26 кастрычніка 2016 года і дзейнічае да 31 снежня 2017 года.