МІНСК, 20 кас — Sputnik. "У адным з тэкстаў са сваёй новай кнігі пісьменнік і журналіст Сяргей Астравец сцвярджае, што рэпарцёр не павінен мець сантыментаў, ён не мусіць суперажываць героям сваіх матэрыялаў, быць безуважным да людзей, чые гісторыі распавядае чытачам газет ці слухачам радыё, — адзначае крытык Марына Весялуха. — Але калі ўважліва прыгледзецца да кожнага з апавяданняў і эсэ, што склалі "Саргасава мора", можна заўважыць у іх агульныя рысы-сантыменты самога аўтара. Яны выяўляюцца як у стылі, сюжэтах, так і ў манеры напісання твораў", — цытуе водгукі літаратуразнаўцаў на кнігу прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У імпрэзе, апроч самога аўтара, возьмуць удзел літаратары Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Дубавец, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла. Праспявае Зміцер Бартосік.
Сяргей Астравец нарадзіўся ў Мінску. Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ. Галоўны рэдактар альманаха "Новы замак". Аўтар кніг прозы, эсэ, зацемак, рэпартажаў. Жыве і працуе ў Гродне.
Імпрэза адбудзецца 26 кастрычніка ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30) у 18.00.
Уваход вольны.