МІНСК, 20 кас — Sputnik. Беларускую версію кнігі пантыфіку перадалі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек, ініцыятары першага перакладу кнігі Святога Айца на беларускую мову. Гэта адбылося 19 кастрычніка 2016 г. у рамках агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, паведамляе Радыё Ватыкана.
Папа падпісаў два асобнікі кнігі. Адзін з іх будзе захоўвацца ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, а другі паедзе ў Беларусь.
Кніга — не проста і не толькі інтэрв'ю з Пантыфікам, хоць і з'яўляецца адказам на 40 пытанняў. Яна — пасланне міласэрнасці ўсім, хто прагне яе.
"Імя Бога — Міласэрнасць" выйшла ў мінскім выдавецтве "Медысонт" накладам 950 асобнікаў. Падтрымаў ініцыятыву Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе". Выданне кнігі, а потым і яе пераклад на беларускую мову прымеркаваны да юбілейнага года Міласэрнасці, які завяршаецца ў Каталіцкім Касцёле.
Папа Францыск праз свой жыццёвы і пастырскі вопыт як раз і тлумачыць прычыны аб'явы Надзвычайнага Святога Года, а таксама закранае шмат важных тэм: сэнс жыцця, супакой і пакаянне.