Святлана Ліцкевіч, Sputnik.
Пераўтварэнні, якія адбываюцца ў апошнія гады ў Нацыянальным мастацкім музеі, зачароўваюць. Тут, здаецца, трансфармуецца час, калі са старога ампірнага будынка быццам адкрываецца партал, а дакладней шкляныя дзверы на фотаэлементах, у сучасную выставачную прастору новага будынка.
Sputnik прайшоўся па музейных анфіладах разам з яго дырэктарам Уладзімірам Пракапцовым і пагутарыў з ім пра суб'ектыўнасці ўспрымання і пра тое, якой прасторай у ідэале павінен быць музей у будучыні і сучаснасці.
Чаму музей — не аптэка
"Праз некалькі гадоў вы будзеце бегчы з залы ў залу, быццам у Луўры", — упэўнены дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. З яго імем і звязваюць асноўныя музейныя пераўтварэнні.
У новых залах музея — кропкавае падсвятленне і трохі нязвыклыя сцены колеру фуксіі. Зараз тут экспануецца старабеларускі іканапіс. Зрэшты, праз пару хвілін колер, які спачатку шакаваў, не здаецца чужародным, а пасля і зусім прыходзіць разуменне, што менавіта такі фон — тое, што трэба для беларускага барока. "Сакавіты, багаты колер. Палацавы. На ім гэтыя абразы свецяцца. Абразы — часовая экспазіцыя, а калі ў гэтую залу вернуцца Радзівілаўскія партрэты, яны тут зайграюць", — каментуе Уладзімір Пракапцоў.
Ён прызнаецца, што ўсе колеры для залаў падбірае толькі сам.
"Як мастак я адчуваю, як карціны будуць лепш глядзецца і ўспрымацца, а як дырэктар бяру на сябе адказнасць за ўсё — пачынаючы ад уваходу і заканчваючы сховішчамі. Мяняю музейныя сцены так, як лічу прафесійна неабходным", — тлумачыць дырэктар і жывапісец Пракапцоў.
Эксперыменты, прызнаецца, атрымліваюцца метадам спроб і памылак, далёка не заўжды з першага разу ўдаецца трапіць "у колер".
"У залах рускага мастацтва мы ўжо тройчы ўсе перафарбоўвалі. Які колер падыдзе ідэальна — можна зразумець толькі эмпірычным шляхам", — тлумачыць Уладзімір Іванавіч.
У зале, дзе выстаўлены "Няроўны шлюб" Пукірэва, напрыклад, сцены асвятлялі двойчы — толькі пасля гэтага карціна па-сапраўднаму зайграла.
Хоць, прызнаецца Пракапцоў, такая змена колеру не заўжды ўспрымаецца адназначна. Нярэдка нават мастакі, працы якіх экспануюцца ў залах, выказваюць сваю незадаволенасць нязвыклымі колерамі.
"На іх думку — лепш белы, як у аптэцы. Але я лічу, гэта няправільна, бо графіка на белым фоне проста знікне", — перакананы дырэктар.
Куды рухаецца музей
Пракапцоў не стамляецца паўтараць, што яго місія — зрабіць з мастацкага музея сапраўдны музейны квартал, велізарную арт-прастору, дзе наведвальніку было б камфортна не толькі пагуляць па залах пару гадзін, але і правесці ўвесь дзень, у тым ліку і паесці, адпачыць, абмеркаваць уражанні.
Паводле слоў Пракапцова, яго папярэднікі на дырэктарскай пасадзе сабралі, вярнулі пасля вайны і захавалі выдатную музейную калекцыю, якую ён проста не мае права захоўваць у запасніках. Музею трэба прастора для дыялогу з наведвальнікам.
"І да 2019 года яна ў нас будзе", — кажа дырэктар. Тады музей зможа дастаць творы з запаснікаў, выставіць працы, якія чакаюць сваёй гадзіны у рэстаўратараў. На базе музея будзе створаны вялікі рэстаўрацыйны цэнтр.
"Я думаю, калі нашы праекты будуць рэалізаваныя, мы зоймем сваё месца побач з лепшымі музеямі свету", — упэўнены дырэктар.
Ён марыць, што калі-небудзь графік музея будзе такім, што зайсці сюды можна будзе і пасля працы. Першы крок да гэтага ўжо зроблены — з мінулага тыдня музей адмяніў свой звыклы выхадны па аўторках. Цяпер ён працуе без выхадных.
Культурны асяродак, які пачынаецца з сябе
"Але пакуль наш народ не падрыхтаваны да таго, каб хадзіць у музеі і канцэртныя залы так, як прынята ў Еўропе, але трэба паволі прывучаць нас усіх да гэтага", — лічыць Пракапцоў.
Менавіта таму музей паволі пашырае асяродак, "выплюхваючы" яго на вуліцы горада. На станцыях "Няміга" і "Кастрычніцкая" вісіць рэклама музея. А прыступкі ў пераходзе паведамляюць, што "мы ідзем у музей".
"Спадзяюся, мы задалі тон", — кажа Пракапцоў. На яго думку, Мінску проста катастрафічна не хапае культурнага асяроддзя. І асветніцкай рэкламы.
"Не хапае ў горадзе разумнай рэкламы пра культуру ў Год культуры. Я не разумею, чаму ўвесь Мінск залеплены толькі выявамі Нясвіжскага замка? У метро, у пераходах, на білбордах, на вуліцах, на сценах — практычна ўсюды адзін Нясвіж. У нас што, няма больш культурных каштоўнасцяў? На мой погляд, гэта ад ляноты. Узялі альбом, "нашчоўкалі" — і развесілі па ўсім гораду. У дачыненні да горада, да асяродку, які атачае нас, шмат засталося ў нас савецкага, "общепитовского", як я гэта называю.
Мы ўсе чакаем, што хтосьці павінен арганізаваць, аформіць, зрабіць. А пачынаць трэба менавіта з сябе, у тым ліку і фармаваць культурнае асяроддзе", — перакананы Пракапцоў.