МІНСК, 21 кас — Sputnik. Беларусь гатовая прыняць другія Еўрапейскія гульні 2019 года, заявіў прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка.
У гэтыя дні Мінск прымае 45-ю Генеральную асамблею Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК). У пятніцу кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з выконваючым абавязкі прэзідэнта ЕАК Янезам Качыанчычам.
"Мы не супердзяржава, але спорту надаем вялікую ўвагу. Вельмі хачу, каб наша еўрапейская арганізацыя ні ў якім разе не саступала арганізацыям іншых кантынентаў, у тым ліку Міжнароднага алімпійскага камітэта. Я ў гэтых адносінах нацыяналіст і патрыёт. Таму вы можаце разлічваць на Беларусь", — сказаў Лукашэнка, словы яго прыводзіць прэс-служба.
Паводле яго слоў, Беларусь у "любы момант" гатова арганізаваць і правесці спартыўныя мерапрыемствы ў рамках ЕАК.
"Мы з вамі прынялі гістарычнае рашэнне і ў 2019 годзе збяром тут еўрапейскіх спартсменаў на нашу Алімпіяду", — заявіў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён знаёмы з перамовамі беларускага боку з кіраўніцтвам ЕАК. У сувязі з гэтым ён прапанаваў не спяшацца ў вызначэнні некаторых дэталяў. "Напрыклад, вызначыць, якія віды спорту і колькі іх будзе ў Беларусі падчас Алімпіяды (Еўрапейскіх гульняў — Sputnik). Я прыхільнік таго, каб сюды запрасіць максімум спартсменаў. Гэта іх свята. Чым больш будзе спартсменаў, тым больш у нас будзе прыхільнікаў у нашай еўрапейскай арганізацыі. І чым больш відаў спорту мы тут арганізуем, тым большае развіццё яны атрымаюць", — сказаў прэзідэнт.
Ён дадаў, што таксама ёсць пытанне правядзення юнацкіх спаборніцтваў 2019 года.
"Мы таксама паглядзім на гэтыя спаборніцтвы. Можа, нам удасца, калі гэта не супярэчыць духу, мы, можа быць, правядзем іх у Беларусі і следам правядзем нашу Алімпіяду. Гэта як зручней вам. Гэтыя дэталі мы павінны вывучыць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу, Качыанчыч адзначыў, што глядзіць на прэзідэнта Беларусі не толькі як на лідэра краіны, але і як на таварыша па алімпійскім руху. "Усё, што вы сказалі, цалкам супадае з маім меркаваннем і маімі падыходамі", — сказаў ён.
Качыанчыч адзначыў, што наведваў цэлы шэраг спартыўных мерапрыемстваў Беларусі, і канстатаваў наяўнасць выдатнай інфраструктуры для арганізацыі сусветных спартыўных спаборніцтваў.
"Усе водгукі, якія мы атрымлівалі, былі не проста станоўчыя, а напоўнены энтузіязмам, — заявіў ён. — Таму мы высока ацэньваем вашу гатоўнасць правесці другія Еўрапейскія гульні. Я цалкам падзяляю вашу пазіцыю аб неабходнасці правесці дадатковыя перамовы адносна дэталяў".
Выконваючы абавязкі прэзідэнта ЕАК лічыць, што Еўрапейскія гульні ў Беларусі павінны стаць кваліфікацыйным этапам перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіа.
"Гэта таксама павінна стаць чарговай магчымасцю для таго, каб Беларусь прадэманстравала астатняй Еўропе сваю ўнікальнасць і аўтэнтычнасць як у спорце, так і краіны ў цэлым", — дадаў Янез Качыанчыч.