МІНСК, 21 кас — Sputnik. Беларусь і ЗША падпісалі план ваеннага супрацоўніцтва на наступны год, паведаміла ў пятніцу Міністэрства абароны рэспублікі.
"У Вашынгтоне адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і міністэрства абароны Злучаных Штатаў Амерыкі па пытаннях развіцця двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва", — сказалі ў ведамстве.
У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі "перспектыўныя напрамкі беларуска-амерыканскага ўзаемадзеяння ў ваеннай сферы". "Асноўным вынікам сустрэчы стала падпісанне Сумеснай заявы аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і міністэрствам абароны Злучаных Штатаў Амерыкі і Плана двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва на 2017 год", — сказалі ў Мінабароны.
У прэс-службе міністэрства не ўдакладнілі, якія мерапрыемствы ўваходзяць у план беларуска-амерыканскага ваеннага супрацоўніцтва.