Дырэктар "швейкі" пад Кобрынам сталася не гатовай да славы мільянера

© Photo : "Вечерний Брест"Дырэктар прадпрыемства з замежным капіталам з Кобрынскага раёна валянціна Пашкевіч
Дырэктар прадпрыемства з замежным капіталам з Кобрынскага раёна валянціна Пашкевіч - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Гісторыя пра беларуску, якая зарабіла мільён еўра на вытворчасці сурвэтак і прасцін для VIP-персон і элітных гатэляў, выклікала рэзананс у расійскіх СМІ.

БРЭСТ, 23 кас — Sputnik, Дзмітрый Босак. Расійскі Life паведаміў у пятніцу аб беларусцы Валянціне Пашкевіч, якая зарабіла мільён еўра на "прасцінах для шэйхаў і прынцаў".

Дырэктар прадпрыемства з замежным капіталам "Лангхайнрих Конфекцион Бел" з Кобрынскага раёна Валянціна Пашкевіч лічыць, што без сваіх супрацоўнікаў не змагла б дамагчыся поспеху.

Нямецкая кампанія "Лангхайнрих" больш за 10 гадоў таму адкрыла ў вёсцы Дзівін вытворчасць пасцельнай і сталовай бялізны для пяці- і сямізоркавых гатэляў, рэзідэнцый першых асоб дзяржаў. Увесь гэты час швейная фабрыка стабільна забяспечвае пастаўкі на мільёны еўра ў год.

"Я ад самага пачатку гэта прадпрыемства арганізоўвала. Набірала людзей, пісала праграмы. Стаўленне да людзей у першую чаргу зыходзіла з прынцыпу, як я кажу, "што выпраменьваеш, то і атрымліваеш". У мяне няма сакратара, у мяне няма прыёмнай, у мяне няма асабістага кіроўцы. Я чымсьці адрозніваюся, напэўна, ад іншых кіраўнікоў, якія лічаць, што гэтыя ўсе выгоды павінны быць", — падзялілася Валянціна Пашкевіч.

Суразмоўца Sputnik атрымала званне "Жанчына года Рэспублікі Беларусь", узнагароджана ордэнам "Ганаровы грамадзянін краін Мытнага саюза" і мае іншыя прэміі. Пры ўсёй сваёй паспяховасці, жанчына не любіць гаварыць пра сябе. Прызнаецца, што калі б ведала, які рэзананс выкліча яе гісторыя ў расійскіх СМІ, магчыма, адмовілася б публікаваць матэрыял у газеце "Вячэрні Брэст", адкуль ўсе яго перадрукавалі.

"Я даволі просты чалавек, не люблю вось гэтых ушанаванняў. Самае галоўнае — гэта мае работнікі, мае дзяўчынкі. Яны стараюцца", — распавяла суразмоўца Sputnik.

Дырэктар швейнай фабрыкі лічыць, што без інвестыцый у людзей ды ўмовы іх працы не атрымалася б наладзіць стабільную вытворчасць.

"Нашы людзі вельмі працавітыя, вельмі адказныя. І калі да іх стаўленне вельмі добрае, калі ім стварыць нармальныя ўмовы, то ім будзе камфортна. Не ўсё так лёгка, як здаецца збоку. Трэба працаваць, трэба шчыраваць, мець сілу волі, настойлівасць. Бывалі моманты, калі не было заказаў. Але мы ніколі не звальнялі людзей. У Германіі не разумеюць да гэтай пары, як у нас усё атрымалася", — рэзюмавала Валянціна Пашкевіч.

Стужка навiн
0