МІНСК, 24 кас — Sputnik. Беларусь прапаноўвае Польшчы супрацоўніцтва ў пытаннях паставак электраэнергіі з будучай АЭС у краіны Еўрасаюза, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, сустракаючыся ў панядзелак у Мінску з віцэ-прэм'ерам, міністрам развіцця і фінансаў Польшчы Матэушам Маравецкім.
Раней Літва заклікала краіны ЕС адмовіцца ад куплі электраэнергіі, выпрацаванай на БелАЭС, паколькі лічыць яе экалагічна небяспечнай.
"Беларусь плануе у 2018 годзе ўвесці першы энергаблок атамнай электрастанцыі. Думаю, мы маглі б вельмі добра супрацоўнічаць у пытаннях пастаўкі электраэнергіі з Беларусі ў Еўрапейскі саюз, і польскі бок маг бы скарыстацца гэтай электраэнергіяй або транзітаваць яе далей у Еўрапейскі саюз", — прыводзіць словы Кабякова прэс-служба ўрада.
Прэм'ер адзначыў, што "гэта тэма актыўна ў свой час вывучалася, і я думаю, яна мае перспектыву". Беларусь і Польшча каля дзесяці гадоў таму актыўна абмяркоўвалі магчымасць арганізацыі транзіту электраэнергіі. Для гэтага патрабавалася аднавіць міждзяржаўную ЛЭП "Рось — Беласток", якая цалкам спыніла працу ў 2005 годзе.
У сярэдзіне 2000-х гадоў Белэнерга вяло перамовы з польскай кампаніяй PSE на пастаўку электраэнергіі з Бярозаўскай ГРЭС. Тады ж Беларусь афіцыйна накіроўвала ў Еўракамісію прапанову па стварэнні электраэнергетычнага транспартнага кальца з ЕС, але з розных нагод яму не быў дадзены ход.
З выкарыстаннем гэтай лініі ў 2008 годзе глабальны праект прапаноўваў польскі Kulczyk Holding. Ён уключаў у сябе будаўніцтва Зэльвенскай ТЭС, якая працавала б на польскім вугалі, а таксама рэканструкцыю ЛЭП і будаўніцтва новых ліній для экспарту электраэнергіі ў Польшчу. Агульны кошт праекта ацэньваўся прыкладна ў 2 мільярды долараў.
Аднак абвастрэнне палітычных адносін паміж Беларуссю і Польшчай у 2011 годзе прывяло да згортваньня гэтага праекта. Энергетычныя эксперты ў Беларусі і Польшчы мяркуюць, што з запускам БелАЭС ён можа быць рэанімаваны.