Віктар Тураў усё сваё жыццё марыў зняць фільм пра пасляваенны час пад назвай "Фіеста-45", які б нагадваў пра жахі Вялікай Айчыннай вайны, якія не павінны паўтарыцца, распавяла ў інтэрв'ю радыё Sputnik Беларусь дачка вядомага рэжысёра Алена Турава.
"Першапачаткова фільм задумваўся з блізкім сябрам бацькі сцэнарыстам Генадзем Шпалікавым, але нешта яго тады адцягнула. Пасля не стала Шпалікава, з'явіліся іншыя праекты, грамадская дзейнасць… Але гэтую ідэю ён пранёс да канца жыцця. За месяц да яго сыходу я прыходзіла да яго ў бальніцу, ён сядзеў, разглядаў лісткі з напрацоўкамі, распавядаў, які гэта будзе геніяльны фільм. Не склалася, на жаль… Я думаю, гэта быў бы знакавы фільм", — успамінае Турава.
Паводле яе слоў, Віктар Тураў любіў сваю працу, але яе спрабаваў ад кіно абараніць, адгаворваў ісці туды працаваць.
"Казаў, што жанчыне трэба стварыць сям'ю, знайсці добрага мужа, быць захавальніцай агменю. А кіно — гэта вельмі страшная, нервовая, складаная і адказная прафесія, якая выматае цябе і не дасць магчымасці быць самім сабой. Для яго гэта было вельмі важна — быць самім сабой, ён любіў паўтараць гэтую фразу", — кажа Алена Турава.
Знакамітаму беларускаму рэжысёру Віктару Тураву сёння споўнілася б 80 гадоў. Яго фільм "Праз могілкі", які калісьці стаў дыпломнай працай маладога Турава, у 1994 годзе ўвайшоў у спіс ста лепшых фільмаў свету пра вайны.
Многія фільмы рэжысёра былі прысвечаны менавіта ваеннай тэме: "Я родам з дзяцінства", "Вайна пад стрэхамі", "Людзі на балоце". Алена Турава працягвае справу бацькі ў кіно, з'яўляючыся рэжысёрам шэрагу анімацыйных і гульнявых фільмаў (напрыклад, "Кіндэрвілейскі прывід").
Поўную версію інтэрв'ю радыё Sputnik Беларусь з Аленай Туравай слухайце ў аўдыёзапісе.