МІНСК, 28 кас — Sputnik. Лясныя гаспадаркі рэспублікі падрыхтавалі ў бягучым годзе да продажу 115 тысяч навагодніх елак, паведамілі Sputnik у Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі.
Елкі да зімовых святаў вырошчваюцца на спецыяльных плантацыях: іх агульная плошча складае 642 гектары.
"115 тысяч навагодніх ёлак падрыхтавалі сёлета лясгасы для рэалізацыі насельніцтву", — сказалі ў міністэрстве.
Там таксама адзначылі, што летась гаспадаркі рэспублікі прадалі крыху больш за 143 тысячы елак, у тым ліку 888 у кадушках.
У 2015 годзе міністэрства паведамляла, што на рэалізацыю выстаўлялася амаль 270 тысяч елак. Тады кошт аднаго дрэва (з улікам дэнамінацыі) складаў да 12 рублёў пры куплі ў лясніцтве і да 22 рублёў, калі елка набывалася на спецыялізаваным кірмашы. Якімі будуць кошты на елкі ў бягучым годзе, пакуль не вядома.