Прэм’ера спектакля "Дудар" адбудзецца ў БДПУ

© Photo : прадастаўлена БДПУНародны літаратурны тэатр "Жывое слова"
Народны літаратурны тэатр Жывое слова - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Дакументальная фантазія заснавана на гістарычных фактах культурнага жыцця беларусаў пачатку 20-га стагоддзя, успамінах і публітыстыцы Ластоўскага, Палуяна, Кафкі і іншых аўтараў.

МІНСК, 31 кас — Sputnik. Прем'ера спектакля "Дудар" прымеркавана да 50-годдзя Народнага літаратурнага тэатра "Жывое слова" і адбудзецца 1 лістапада ў БДПУ.

"Жывое слова" — унікальная з'ява ў сучаснай студэнцкай творчасці і аматарскім тэатры. Гэта адзіны студэнцкі тэатр, які жыве выключна беларускай мовай. Спецыфіка тэатра ў працы з літаратурнымі тэкстамі, у развіцці ўменняў данесці слова мастака гледачам і слухачам. Выпускнікі тэатра сёння працуюць на радыё і тэлебачанні, у кіно і прафесійным тэатры, іх імёны вядомыя ў Беларусі і за мяжой.

Тэатр "Жывое слова" традыцыйна кожную восень ладзіць вечарыну ўласнай творчасці "Атрасіны", калі ўдзельнікі тэатра самі становяцца рэжысёрамі і сцэнарыстамі, такім чынам "атрасаюць" творчыя знаходкі за год.

© Photo : прадастаўлена БДПУФота са спектакля Народнага літаратурнага тэатра "Жывое слова"
Фота са спектакля Народнага літаратурнага тэатра Жывое слова - Sputnik Беларусь
Фота са спектакля Народнага літаратурнага тэатра "Жывое слова"

На працягу навучальнага года ў тэатры існуе Клуб творчых дыялогаў, і ўдзельнікі тэатра запрашаюць туды вядомых дзеячаў культуры, людзей, якія зрабілі значны ўклад у развіццё беларускага мастацтва.

"Па сутнасці, мы бясплатна праводзім для студэнтаў фізічныя і галасавыя трэнінгі, майстар-класы па акцёрскім майстэрстве і сцэнічнай мове. Акрамя таго, студэнт трапляе ў беларускамоўнае асяроддзе, дзе шануюць роднае слова і гатовыя навучыць, як ім карыстацца, як здзіўляць публіку, перамагаць страхі і хваляванні перад вялікай аўдыторыяй і сцэнай. Такім чынам, гэта не толькі праца над спектаклямі, але і развіццё ўласных магчымасцяў", — распавёў рэжысёр тэатра Алесь Мойскі.

У нефармальнай абстаноўцы студэнты і кіраўнікі тэатра адзначаюць разам усе святы і дасягненні, апафеозам чаго становіцца традыцыйны выпускны ў Зялёным. Па заканчэнні навучальнай установы "жывасловец" атрымлівае званне народнага артыста тэатра. На працягу свайго тэатральнага жыцця ўдзельнік калектыву неаднойчы можа атрымаць адмысловую прэмію "Жыўчык" за асаблівыя поспехі і дасягненні.

© Photo : прадастаўлена БДПУНародны літаратурны тэатр "Жывое слова"
Народны літаратурны тэатр Жывое слова - Sputnik Беларусь
Народны літаратурны тэатр "Жывое слова"

З нядаўняга часу тэатр "Жывое слова" ладзіць імправізаваны ўрок па беларускай літаратуры ў 5-11 класах школ Мінска і Мінскага раёна. "Беларуская літаратура за 45 хвілін" праілюстравана вершамі, урыўкамі прозы і драматургіі, песнямі на вершы са школьнай праграмы.

Тэатр штогод паказвае літаратурна-музычныя кампазіцыі, прысвечаныя знакавым юбілейным датам: 120-годдзю Максіма Багдановіча, 100-годдзю Максіма Танка, 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі, 120-годдзя Кандрата Крапівы.

© Photo : прадастаўлена БДПУФота са спектакля Народнага літаратурнага тэатра "Жывое слова"
Фота са спектакля Народнага літаратурнага тэатра Жывое слова - Sputnik Беларусь
Фота са спектакля Народнага літаратурнага тэатра "Жывое слова"

Артысты тэатра з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі міжнародных і рэспубліканскіх форумаў і фестываляў — "Аўцюкі","Фэст экскурсаводаў" і "Ноч музеяў". "Жываслоўцы" ўдзельнічаюць у тэлевізійных праектах Белтэлерадыёкампаніі ("Хачу ў тэлевізар", "Дыяблог", "Дабраранак" і іншых), супрацоўнічаюць з Міжнародным радыё "Беларусь" і каналам "Культура" Беларускага радыё.

"Жывое слова" — гэта 50 гадоў развіцця аматарскага тэатральнага мастацтва, велізарны вопыт і гатоўнасць да незвычайных эксперыментаў," — падагульніла мастацкі кіраўнік тэатра Алеся Сівохіна.

Тэатр "Жывое слова" быў заснаваны ў лістападзе 1966 года былым артыстам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, выкладчыкам педінстытута і акадэміі мастацтваў Андрэем Калядой. У 1975 г. калектыў атрымаў званне Народнага, і сёння ён аб'ядноўвае студэнтаў розных факультэтаў БДПУ, МДЛУ, Інстытута журналістыкі БДУ, БДЭУ і іншых навучальных устаноў г. Мінска.

За апошняе дзесяцігоддзе тэатрам былі пастаўлены спектаклі па матывах твораў В. Мухінай ("Я кахаЮ"), Э.-Э. Шміт ("Апельсіны ў падарунак"), А. Чэхава ("Радасць [Вось Такая]"), Ш.-Л. Тили ("Мясныя далікатэсы"), у. Караткевіча ("Афарызм"), Р. Брэдберы ("Злавіць будучыню").

Убачыць прэм'еру юбілейнага спектакля "Дудар" і пагутарыць з удзельнікамі можна 1 лістапада ў 19.00 у 500 аўдыторыі 2-га корпуса БДПУ (вул. Савецкая,18).

Стужка навiн
0