МІНСК, 2 ліс — Sputnik. Снежны цыклон Gisi прынёс у Беларусь небывалыя для лістапада асадкі, паведамляюць беларускія СМІ. Гідрамет удакладняе, утварэнне першага снежнага покрыва напачатку лістапада з'яўляецца звычайнай прыроднай з'явай для Беларусі.
"Сярэднія даты залягання першага снежнага покрыва ў Беларусі — гэта 5-6 лістапада на поўначы і сярэдзіна лістапада, трэцяя дэкада месяца на захадзе і поўдні рэспублікі. Так што першае снежнае покрыва 2 лістапада — гэта крыху-крыху раней звычайнага, але не экстрэмальна", — паведаміла Sputnik у сераду начальнік аддзела па клімаце Гідрамета Алена Камароўская.
Па яе словах, гэта першае снежнае покрыва і яно растане. Камароўская расказала, што ў Мінску за мінулую ноч выпала 5 сантыметраў снегу, больш за ўсё — на Нарачы, а ў Брэсце, частцы Гомельскай вобласці яго зусім не.
Па словах суразмоўніцы Sputnik, за ўсю гісторыю метэаназіранняў найранейшая дата ўтварэння першага снежнага покрыва на тэрыторыі рэспублікі зарэгістравана ў Езярышчы — 23 верасня 1973 года.
"У Мінску першае снежнае покрыва ўсталявалася раней усяго 29 верасня 1972 года", — сказала Камароўская. Самыя халодныя лістапады былі ў 1993 і 1998 гадах.
Суразмоўніца Sputnik таксама адзначыла, што і ў кастрычніку часам выпадае першы снег, які, зазвычай, растае. Толькі ў выпадку вельмі ранняй зімы ў трэцяй дэкадзе ўсталёўваецца снежнае покрыва, выключаючы крайнія паўднёвыя і заходнія раёны, дзе найранейшыя тэрміны яго ўсталявання даводзяцца на пачатак лістапада.
Па дадзеных Гідрамета, пазней усяго першае снежнае покрыва ў Мінску ўтварылася ў 2000 годзе, у тую зіму беларусы ўбачылі снег толькі 20 снежня.
Першае заляганне снегу звычайна бывае недоўгачасовым, і толькі пасля наступу сталых маразоў усталёўваецца ўстойлівае снежнае покрыва. Устойлівае снежнае покрыва, што залягае не менш за месяц, адзначаецца толькі ў снежні: на паўночным усходзе — у сярэднім у першай дэкадзе месяца, на паўднёвым захадзе — у сярэднім пад канец снежня.