Антон Клімко, Sputnik.
Гродзенская мадэль Лізавета Шыкуць заваявала тытул першай віцэ-міс на конкурсе Super Model Universe 2016, які праходзіў у Сафіі з 1 па 5 лістапада.
Пуцёўку на конкурс у Балгарыю яна атрымала пасля ўдзелу ў конкурсе "Міс Гродна-2016". Тут яе заўважыла нацыянальны дырэктар міжнародных конкурсаў прыгажосці Святлана Кузняцова (Місіс Сусвет 2013 года), якая ўваходзіла ў склад журы.
Экспрэс-падрыхтоўка да конкурсу
Лізавета Шыкуць — прафесійная мадэль, прымае ўдзел у модных паказах і рэкламных здымках. Падрыхтоўка да Super Model Universe не запатрабавала вялікіх высілкаў.
"Перад любым конкурсам высылаецца праграма мерапрыемстваў, распісаная па днях і гадзінах. Прытрымліваючыся гэтай праграмы, з Лізаветай быў праведзены інструктаж па гардэробе на кожны дзень і на асаблівыя выхады. Таксама дала парады па нацыянальных сувенірах і падарунках, якімі традыцыйна абменьваюцца ўдзельніцы конкурсу. Вучыць Лізу правільна хадзіць, трымаць выправу ці наносіць макіяж не спатрэбілася. Яна дасведчаная мадэль і можа сама ўжо даваць парады", — кажа Святлана Кузняцова.
Прыгажуні 28 краін засталіся далёка
У Сафіі на працягу трох конкурсных дзён дзяўчыны ўдзельнічалі ў дэфіле, дэманстравалі модныя ўборы і аксэсуары. З мадэлямі працавалі вядомыя стылісты. На галоўны тытул прэтэндавалі прадстаўніцы больш чым 30 краін. Перамога дасталася прадстаўніцы Аўстраліі.
Беларуская прыгажуня запомнілася членам журы не толькі дзякуючы сваім прафесійным якасцям. Адзін з членаў міжнароднага журы — Місіс Расія-2016 Надзея Лысенка (яна ж спявачка Nadin) падзялілася: "Ліза мне вельмі падабаецца. З усіх канкурсантак я больш за ўсё з ёй маю суадносiны. Вельмі светлы і добры чалавек".
У катэгорыі мужчынская Супермадэль перамог вядомы тэлевядучы і акцёр з Індыі. У ёй на конкурсе нашу краіну прадстаўляў Андрэй Ладонка з Бабруйска.
Конкурс "Супермадэль Сусвету" быў створаны з мэтай пошуку новых мадэляў для сусветнага подыўма. Пераможцаў конкурсу чакаюць кантракты з самымі вядомымі мадэльнымі агенцтвамі. Адбор кандыдатаў адбываецца па наступным патрабаванням: дзяўчаты павінны быць ад 18 да 22 гадоў пры росце ня менш 175 см. Хлопцы ж павінны быць ад 18 да 23 пры росце ня менш 180 см.