МІНСК, 7 ліс — Sputnik. Акрамя асноўнай праграмы, гайды па якой ужо склаў амаль кожны кінакрытык і інтэрнэт-партал Беларусі, у гэтым годзе на "Лістападзе" цікавы будзе і Конкурс нацыянальнага кіно. Карэспандэнт Sputnik распытала маладых беларускіх рэжысёраў пра тое, ці прыносіць удзел у "Лістападзе" запаветную славу і што яны рэкамендуюць глядзець у гэтым годзе.
Рэжысёр карціны Test-730, якая апавядае аб размеркаванні маладых спецыялістаў, Дар'я Кароль, падзялілася сваімі чаканнямі.
"У першую чаргу, запрашаю на нацыянальную прэм'еру майго фільма Test-730 пра беларускіх выпускнікоў, якія размеркаваны ў маленькія гарады і вёскі краіны. Яна адбудзецца 7 лістапада ў 14:00 у кінатэатры "Перамога". Чакаю, што пасля яго глядач знойдзе натхненне — яго чакаюць гісторыі, дзе ёсць месца вынаходлівасці, мэтанакіраванасці і сіле волі на фоне знаёмай для многіх беларусаў, але ніколі раней не закранутай у кінематографе сітуацыі", — падзялілася рэжысёр. Акрамя ўласнага фільма, рэжысёр прызналася, што вельмі чакае карціну Ксавье Долана "Гэта ўсяго толькі канец свету". "Фільм, які асвісталі на прэс-канферэнцыі ў Канах, а потым ён атрымаў там гран-пры. Фільм ад майго галоўнага натхняльніка, які старэйшы за мяне ўсяго на два гады, але нарабіў столькі геніяльных, блізкіх мне па эстэтыцы работ, і гэта заўсёды дае мне штурхель змагацца далей ", — падзялілася рэжысёр. Ужо вядомая беларусам Улада Сянькова прадставіць на фестывалі сваю поўнаметражную карціну "Граф у апельсінах".
Фестываль — гэта заўсёды вельмі вялікая падзея і магчымасць прымусіць увесь свет пачакаць на тыдзень, пакуль ты акунаешся ў атмасферу прыгожага кіно. Ад "Лiстапада" гэтага і чакаю — катарсіс, новых і ня новых імёнаў, дзівіцца, атрымліваць асалоду. Удзельнічаць у фестывалі прыемна і хвалююча, столькі гасцей з розных краін будзе глядзець і ацэньваць тваё кіно. З дывідэндамі ўсё проста: чым больш фестываляў у тваім партфоліо, тым больш з'яўляецца магчымасцяў распаўсюдзіць гэтае кіно і знайсці партнёраў для наступнага. Гэтага і чакаю ад "Лiстападу", — падзялілася Сянькова.
Мікіта Лаўрэцкі, які у мінулым годзе з карцінай "Беларускі псіхапат" атрымаў гран-пры нацыянальнага конкурсу, у гэтым прадставіць новы фільм "Каханне і партнёрства".
"Ад "Лістападу" я чакаю добрых фільмаў і цікавых мерапрыемстваў, напрыклад, фільм "Жанчына, якая сышла" Лава Дыяса і лекцыі адборшчыкаў фестываляў у Карлавых Варах і Сан Себасцьяне. Трапіць у праграму — значыць паказаць сваю працу зацікаўленым гледачам", — растлумачыў сваё стаўленне да ўдзелу ў фестывалі рэжысёр.
У гэтым годзе тэма жыцця маладых беларусаў на "Лістападзе" падымецца неаднойчы. Так, беларускі рэжысёр Андрэй Куціла пакажа свой фільм "25", які раскажа пра першае пакаленне незалежнай Беларусі. Зрэшты, фільм — не сацыяльнае даследаванне, а спосаб уступіць у дыялог з гледачом і расказаць пра жыццё і думкі маладой Беларусі.
Адным словам, беларускія рэжысёры стартавалі "насустрач натхненьню" і паказы можна лічыць своеасаблівай фінішнай прамой гэтага забегу.