МІНСК, 14 ліс — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак мае намер здзейсніць рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць, каб азнаёміцца з выкананнем яго даручэнняў аб добраўпарадкаванні абласнога цэнтра, паведамілі Sputnik у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Прэзідэнт мае намер вывучыць, як ідзе рэалізацыя архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі мікрараёнаў і асноўных транспартных магістраляў Магілёва, якія перспектывы развіцця абласнога цэнтра. Кіраўніку дзяржавы таксама даложаць аб рэканструкцыі аўтамабільнага маста праз Днепр у Магілёве па Пушкінскім праспекце. Прэзідэнт азнаёміцца з добраўпарадкаваннем набярэжнай і прылеглых тэрыторый.
Плануецца, што яшчэ адным пунктам рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы стане ААТ "Магілёўхімвалакно". Тут Лукашэнку даложаць аб пытаннях стабілізацыі вытворча-эканамічнага і фінансавага стану прадпрыемства і перспектывах яго развіцця. Прэзідэнт таксама азнаёміцца з арганізацыяй працы на прадпрыемстве і пагутарыць з прадстаўнікамі працоўнага калектыву.
У ліпені 2016 года Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёў раскрытыкаваў добраўпарадкаванне абласнога цэнтра.
"Я сёння адмыслова заязджаў у горад з боку Мінска. І дамы быццам бы ёсць прыгожыя… Але няма глянцу, добраўпарадкавання і выгоды для людзей. Гармоніі ніякай", — сказаў прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што калі ў астатніх абласных цэнтрах ужо наведзены належны парадак, то Магілёў пакуль адстае ў гэтым накірунку. Ён даручыў да канца года прапрацаваць план мадэрнізацыі горада.