МІНСК, 15 ліс — Sputnik. Фільмы толькі для паўналетніх з 1 ліпеня 2017 года па тэлебачанні можна будзе трансляваць не раней паўночы, заявіла галоўны спецыяліст аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Наталля Гурына.
З ліпеня наступнага года стане абавязковай маркіроўка інфармацыйнай прадукцыі пазнакамі ўзроставага абмежавання. Таксама беларускія ўлады працуюць над удасканаленнем мер абароны дзяцей ад "шкоднай інфармацыі".
"Цяпер ёсць інструкцыя, што фільмы катэгорыі **** ("18+") павінны паказвацца не раней 23:00 і не пазней 04:00. З 1 ліпеня 2017 года нельга будзе паказваць прадукцыю "18+" з 06:00 да 24:00. Фільмаў з маркіроўкай "16+" гэта не тычыцца", — распавяла падрабязнасці Гурына.
Паводле слоў спецыяліста Мінкульта, зараз на ўсе фільмы, якія выходзяць у рэспубліцы ў кінапракат, атрымліваецца дзяржаўнае рэгістрацыйнае пасведчанне, дзе ставіцца індэкс узроставага абмежавання.
"Калі фільм мае ўзроставае абмежаванне "16+", то глядач малодшы за 16 не праходзіць — такія правілы дзейнічаюць ужо цяпер. Гэта на сумленні кінатэатра — ён не павінен прапускаць асоб, маладзейшых за названы ўзрост", — дадала Гурына, яе словы прывяла БелТА.
Пра абмежаванні па ўзросту неабходна будзе паведамляць у радыё- і тэлеэфіры. Акрамя таго, усе кнігі і СМІ таксама павінны будуць суправаджацца адпаведнай маркіроўкай. У большасці выпадкаў яе будуць рабіць стваральнікі кантэнта, аднак у выпадку з вялікай колькасцю эротыкі або жорсткасці рашэнне будзе прымаць спецыяльная экспертная камісія.