Выстава карцін са шкла "Каханне — гэта палёт" пройдзе ў Нацыянальным гістарычным музеі з 17 лістапада па 20 снежня 2016 года. Адна з мэтаў гэтай выставы — даць дзецям з аслабленым зрокам пазнаёміцца з мастацтвам Марка Шагала з дапамогай тактыльных адчуванняў.
"Як такому дзіцяці растлумачыць класічны шэдэўр? Нашы музеі практычна не даюць для дзіцяці нічога, акрамя гукавога суправаджэння. Яму могуць апісаць карціну. А для гэтых дзяцей вельмі важныя тактыльныя адчуванні, паколькі дзякуючы гэтаму яны могуць і чытаць, і асэнсоўваць прадметы", — патлумачыла ідэю з'яўлення выставы кіраўнік студыі вырабаў са шкла "Аліса ў Залюстроўі" Дыяна Скачко.
Дырэктар спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы нумар 188 для дзяцей з парушэннямі зроку Аляксей Пятніца падкрэсліў значнасць гэтага праекта.
"Любыя тэхналогіі, у тым ліку і ф'юзінг, вядома, не могуць цалкам замяніць вочы. Бо пры дапамозе зроку мы атрымліваем да 90% інфармацыі. Але пашырыць уяўленне пра свет, пра творчасць, у прыватнасці, Марка Шагала, яно, вядома, можа. І я вельмі ўдзячны за гэтую магчымасць пашырыць для нашых дзяцей уяўленні аб навакольным свеце", — заявіў Пятніца.
У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў выказаў надзею, што гэты праект стане доўгатэрміновым. А студыя "Аліса ў Залюстроўі" працягне знаёміць наведвальнікаў музея з пераасэнсаванай у шкле класікай.
"Я супраць разавых праектаў. Такія праекты павінны быць сістэмнымі. Таму што ну вось пакажам мы зараз дзецям гэтыя карціны, яны пакратаюць, разняволяцца, будуць сябе свабодна адчуваць, прыйдуць праз месяц, а музей для іх зачынены, і ўсё. Мне здаецца, у гэтым выпадку ў іх можа ўзнікнуць яшчэ большы бар'ер", — заўважыў Рыжкоў.