МІНСК, 15 ліс — Sputnik. Удзельнікі апытання папулярнага сайта пра "Еўрабачанне" Wiwibloggs прадказалі перамогу Македоніі на дзіцячым конкурсе ў бягучым годзе.
Чатырнаццаты штогадовы дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" пройдзе ў Валеце, сталіцы Мальты, фінал прызначаны на 20 лістапада. Беларусь на ім прадставіць Аляксандр Мінёнак.
Па выніках праведзенага сярод некалькіх тысяч фанатаў конкурсу апытання першае месца павінна заняць македонская выканаўца Martija Stanojkovi з песняй Love Will Lead Our Way, другое — ірландка Zena Donnelly, трэцяе — расійскі калектыў Water of Life Project.
Беларусу Мінёнку прагназуюць толькі 14-е месца з 17. Месцы ніжэй могуць атрымаць юныя выканаўцы з Украіны, Грузіі і Ізраіля.
Беларускія ўдзельнікі — самыя паспяховыя на дзіцячым "Еўрабачанні". Маладыя вакалісты з Беларусі двойчы перамагалі на конкурсе, адзін раз атрымлівалі "срэбра" і двойчы — "бронзу".