МІНСК, 16 ліс — Sputnik. Песню "Жывая вада" для расійскіх удзельніц дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" напісала беларуская спявачка Дакота.
Удзельніца "Фабрыкі зорак 7" Маргарыта Герасімовіч сярод фанатаў больш вядомая як Дакота. Дзяўчына нарадзілася ў Менску, а цяпер будуе музычную кар'еру ў Расіі. Выступіла яна і аўтарам фолк-песні ад Расіі для дзіцячага "Еўрабачання".
Калектыў "Жывая вада" выканае аднайменную песню ў гэтую нядзелю на Мальце. "Разыначка" кампазіцыі — народныя матывы. Прадзюсуе праект муж Дакоты і таксама экс-удзельнік "Фабрыкі зорак" Улад Сакалоўскі.
Праект ужо правёў першую рэпетыцыю ў The Mediterranean Conference Centre у Валеце ў гэтую сераду. За перамогу ў нядзелю яны будуць змагацца з яшчэ 16 краінамі, у тым ліку — і з беларускім выканаўцам Аляксандрам Мінёнкам.
Вынікі апытанняў сярод фанатаў дзіцячага "Еўрабачання" прадракаюць расійскім выканаўцам трапленне ў ТОП-3. У беларускага выканаўцы пакуль шанцы на перамогу не так вялікія, аднак Міненак гатовы здзівіць увесь кантынент сваім шоў і песняй "Музыка маіх перамог". "Жывая вада" складаецца з чатырох юных вакалістак — Соф'і Фісенка, Сашы Абрамейцэвай, а таксама Крысціны і Мадоны Абрамавых.