МІНСК, 16 ліс — Sputnik. Беларускі спартсмен-таэквандыст Арман-Маршал Сіла адправіўся ў мінулы аўторак у войска праходзіць тэрміновую вайсковую службу, паведаміла Sputnik яго трэнер Юлія Сухавіцкая.
Першае папаўненне восеньскага прызыву адправілі ў войска ў аўторак. У сталіцы прайшоў урачысты мітынг, у якім прыняў удзел і спартсмен Сіла.
"Ён пойдзе служыць у спартыўную роту. Гэта ніяк не перашкодзіць яго спартыўнай кар'еры, ён зможа прымаць удзел у спаборніцтвах і да таго падобнае", — запэўніла Sputnik трэнер Сілы.
Са слоў Сухавіцкай, юнак нармальна ўспрыняў адпраўку ў войска. Сёлета ён скончыў БДУФК і быў гатовы да такога — "як і ўсе звычайныя людзі ў нашай краіне". Тым больш што ва Узброеных сілах у першую чаргу ён па-ранейшаму будзе займацца спортам.
Арман-Маршал Сіла нарадзіўся ў 1994 годзе. Двухразовы чэмпіён Еўропы (2014, 2016). Удзельнічаць у Алімпіядзе-2016 ён не змог — яго адхілілі з-за падазрэнняў ва ўжыванні мельдонія. Цяпер расследаванне на гэтую тэму працягваецца. У войска, акрамя Сілы, у аўторак адправілі і іншых спартсменаў: фехтавальшчыка і дваіх весляроў. Мяркуецца, што яны таксама пройдуць курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і прымуць ваенную прысягу.