МІНСК, 17 ліс — Sputnik. Федэральная служба Расіі па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый унесла ў рэестр парушальнікаў закона аб персанальных дадзеных сацыяльную сетку LinkedIn і запатрабавала ад аператараў сувязі заблакаваць доступ да яе.
"На падставе рашэння суда, які ўступіў у законную сілу, сацыяльная сетка LinkedIn занесеная ў рэестр парушальнікаў правоў суб'ектаў персанальных дадзеных і накіравана для блакавання аператарам сувязі", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Раскамнагляд 4 жніўня бягучага года падаў пазоў да сацыяльнай сеткі LinkedIn, палічыўшы, што сайт апрацоўваў персанальныя дадзеныя без згоды карыстальнікаў.
Таганскі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Раскамнагляду ў абарону правоў "неабмежаванага кола асоб" — суб'ектаў персанальных дадзеных. LinkedIn абскардзіў рашэнне ў вышэйстаячы Маскоўскі гарадскі суд. На мінулым тыдні, 10 лістапада, сайту было адмоўлена ў апеляцыі і карыстальнікі чакалі ўступлення рашэння аб блакаванні ў сілу.
LinkedIn — сацыяльная сетка для пошуку і ўстанаўлення дзелавых кантактаў. У ёй зарэгістравана больш за 400 мільёнаў карыстальнікаў. Сярод зарэгістраваных прадстаўнікі 150 галін бізнесу з двухсот краін.