МІНСК, 17 ліс — Sputnik. Расійскія журналісты плануюць пагаварыць з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пра аграгарадкі і патрыятычнае выхаванне моладзі.
У чацвер беларускі лідэр адкажа падчас прэс-канферэнцыі на пытанні групы прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў прэс-тура па рэспубліцы.
"Падчас падарожжа па раёнах глядзелі на гэтыя аграгарадкі прыгожыя — гэта не вёскі. Аграгарадкі — прыгажосць. І хочацца задаць прэзідэнту пытанне: як гэтага дасягнулі?" — прызналася ў інтэрв'ю тэлеканалу СТВ тэлежурналіст з Екацярынбурга Дар'я Сцяпанава.
Расійскія журналісты былі ўражаныя той увагай, якая ў рэспубліцы надаецца памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
"Мне б хацелася спытаць яго аб патрыятычным выхаванні моладзі. Ведаю, што ў Беларусі гэтаму вялікая ўвага надаецца", — распавёў СТВ намеснік галоўнага рэдактара самарскай газеты "Волжская камуна" Аляксей Канаплёў.
Напярэдадні ўдзельнікі прэс-тура пабывалі на легендарным Буйніцкім полі, дзе ў пачатку вайны ішлі жорсткія баі — 23 дні абаронцы Магілёва ўтрымлівалі горад. Далей журналістаў перавезлі ў Бабруйск, дзе паказалі некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку "Чырвоны харчавік" — "зефірнае царства", як ахрысціў яго ўдзельнік паездкі блогер Ігар Ягубкаў.
Ягубкаў размяшчае фатаздымкі і суправаджае іх невялікім апісаннем, ад каментароў убачанага пакуль устрымліваецца. "Вялікія пасты планую апублікаваць пазней", — прызнаўся ён у інтэрв'ю АТН.
Іншага расійскага блогера ўразіла беларуская бульба.
"У аўторак выдалася магчымасць наведаць бульбяную гаспадарку ў Беларусі… Калі шчыра, я ўзрушаны, анекдоты і стэрэатыпы — усё праўда. Беларусь — краіна бульбы. Ніколі не мог нават уявіць, што дзесьці ў адным месцы можа быць гэдулькі бульбы", — напісаў у сваім блогу Аляксандр Усольцаў.
Блогеру спадабаліся і новыя беларускія грошы; ён толькі выказаў шкадаванне, што больш не можа, калі прыязджае ў рэспубліку, адчуць сябе мільянерам.
Прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў прэс-тура ў Беларусь пачнецца ў 10:00. Трансляцыю будзе весці Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, Sputnik — анлайн-трансляцыю.
Тэлевізійную версію прэс-канферэнцыі пакажуць у вячэрнім эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 24", АНТ і "Сталічнае тэлебачанне".