МІНСК, 18 ліс — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прывесці ў цывілізаваную юрыдычную форму ўзаемадзеянне дзяржавы з сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі, паведамілі Sputnik у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У пятніцу прэзідэнт заслухаў даклад аб рэарганізацыі калгасаў (СВК). Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўказ №349 ад 17 ліпеня 2014 года прадугледжвае пераўтварэнне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў да канца гэтага года ў больш прагрэсіўныя і адпаведныя заканадаўству арганізацыйна-прававыя формы. Разам з тым на Усебеларускім народным сходзе гучалі прапановы адмяніць некаторыя нормы ўказа.
"Калі проста ў кагосьці свярбяць рукі абавязкова і сельскую гаспадарку мадэрнізаваць і прыстасаваць, як вы пішаце, у прагрэсіўныя формы ператварыць, то не перашкаджайце працаваць сялянам і не лезьце ў іх пытанні", — заявіў прэзідэнт.
Лукашэнка задаў пытанне, што значыць "прагрэсіўныя формы".
"Нам што, важная форма? Камусьці не падабаюцца СВК, як мы іх называем, ці калгасы і саўгасы, як мы іх раней называлі? Сельскай гаспадарцы трэба даць магчымасць працаваць", — сказаў ён.
Прэзідэнт даручыў яшчэ раз вярнуцца да гэтага ўказа і далажыць, чаму яго нормы былі неадназначна ўспрынятыя кіраўнікамі і членамі сельскагаспадарчых кааператываў.
"Колькі б мы ні мадэрнізавалі гаспадаркі, колькі б мы іх ні называлі па-новаму, ад гэтага ж нічога не зменіцца, пакуль мы іх не падтрымаем фінансава, эканамічна, арганізацыйна. Пакуль мы іх не прымусім нарэшце працаваць. Толку не будзе ад таго, што мы зменім назву", — падкрэсліў ён. Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, што мелася на ўвазе тады.
"Чаму раптам захацелася мець нейкія арганізацыйна-прававыя, прагрэсіўныя формы і што тады не адпавядала заканадаўству", — дадаў ён.
Лукашэнка распавёў у якасці прыкладу, як нядаўна пабываў на адным прадпрыемстве, якое было падобным чынам мадэрнізавана.
"І што там змянілася? Поўны развал і разруха. Падзялілі акцыі, і ўсе сядзяць — чакаюць, што будзе далей. Што цяпер, як у Расіі, пачнем гандляваць гэтымі акцыямі? Будзем чакаць, што нехта павыкупляе, прыйдзе і падыме сельскую гаспадарку ў краіне? Ніколі гэтага не было і не будзе", — упэўнены беларускі прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб падрыхтаваным праекце дакумента, які прадугледжвае карэкціроўку ўказа №349, а таксама аб новых падыходах, якія прапануюцца. Па выніках дакладу Лукашэнка даў строгае даручэнне прывесці ў цывілізаваную юрыдычную форму ўзаемадзеянне дзяржавы з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, выбудаваўшы дакладны механізм і паставіўшы ўсіх у роўныя ўмовы.