Алена Васільева, Sputnik.
Мінулая восень сталася адметнай для мінчукоў магчымасцю паглядзець на графіку мастакоў Далі, Шагала і Маціса ў мастацкай галерэі "Дом карцін". Сёлетнім лістападам мінчукам вырашылі паказаць другую частку калекцыі, у якую ўвайшлі работы Пікаса, Кандзінскага і Міро. З кіраўніком галерэі і мастацтвазнаўцам Вольгай Кліп карэспандэнт Sputnik абмеркавала, як падрыхтаваць сябе да сустрэчы з цудоўным, каб пазбегнуць рэплікі "мой пяцігадовы сын намалюе гэтак жа".
Памятай пра скрыні
У цэнтры выставачнай залі — вялізныя скрыні. Менавіта ў іх карціны з калекцыі прыбылі ў галерэю, і арганізатары выставы, вырашыўшы даць магчымасць гледачу дакрануцца да закулісся працы галерыста, змясцілі кофры ў цэнтры выставачнай прасторы. Хай гэта нагадвае гледачу, які занадта захапіўся кінафестывалем "Лістапад", што зусім хутка — менш чым праз месяц — Пікаса, Кандзінскі і Міро вернуцца ў скрыні, і каб зірнуць на іх, давядзецца ехаць за мяжу.
Калекцыя, прадстаўленая ў "Доме карцін", належыць расійскаму калекцыянеру і ўжо аб'ехала амаль ўсю Расію. У планах галерэі прыцягнуць на выставу, якая будзе доўжыцца на працягу месяца, чатыры тысячы чалавек. За мінулыя выхадныя прыйшло ўсяго чатырыста чалавек, але ўжо да канца гэтага тыдня арганізатары правядуць цэлы цыкл сустрэч і лекцый, за час якіх навучаць любіць сучаснае мастацтва.
Падрыхтуй сябе да Кандзінскага
"Знаёмства з мастацтвам ХХ стагоддзя лепш пачынаць маючы хоць крышку падрыхтоўкі. Дэгуманізаванае мастацтва, якое цалкам сыходзіць ад фігуратыўнасці, ад звыклага вобразу, часцяком неспрактыкаванага гледача шакуе і правакуе на выснову — маўляў, маё дзіця малюе лепш", — распавяла Вольга.
Каб пазбегнуць такой рэакцыі гледача, "Дом карцін" арганізуе цыкл сустрэч для дзяцей і дарослых, падчас якіх тлумачаць, хто такі Пікаса, Кандзінскі і Міро.
Напрыклад, тут з малымі будуць маляваць "як Пікаса".
"Майму дзіцяці падабаецца маляваць, як вялікія мастакі", — смяецца галерыст. А дарослым растлумачаць, як зразумець Кандзінскага і Міро, і адкажуць на банальнае, але важнае пытанне — чаму гэтыя мастакі каштуюць такіх грошай.
"Можа быць, адной экспазіцыі і не дастаткова, каб пераканаць чалавека, што гэта высокае мастацтва, але зрабіць свой першы крок да яго разумення на такой выставе будзе дарэчы. У рэшце рэшт, прадстаўленыя мастакі — гэта ўжо класіка", — упэўненая Вольга.
Галерыст упэўненая, што для разумення сучаснага мастацтва трэба як мага часцей з ім сутыкацца.
"Гэта пэўны візуальны досвед, мы "наглядаемся". Музычны авангард можа быць любімы меламанам і не зразумелы непадрыхтаванаму слухачу, а філасофская літаратура — не спрактыкаванаму чытачу. Але калі слухаць нетрывіяльную музыку, чытаць літаратуру, вывучаць творы сучаснага мастацтва, пачынаеш разумець гэтую мову, улоўліваць сэнс. Так што проста прыходзьце і глядзіце, і пачнеце разумець, чаму гэтых мастакоў прызнаюць ва ўсім свеце", — запрасіла Вольга.
Выстава толькі стартавала, і ўжо у гэтыя выхадныя можна будзе наведаць некалькі сустрэч і лекцый, якія наблізяць да вас сучаснае мастацтве.
- 19 лістапада, 16:00 — 17:30. Дзіцячы майстар-клас "Малюем як вялікія мастакі. Міро".
Большасць работ Жаана (Хуана або Хаана) Міро выглядаюць па-дзіцячы наіўна — яркія колеры і тоўстыя чорныя контуры. Падчас майстар-класа падобна Міро мы аб'яднаем каляровы фон з чорнай алоўкавай лініяй, растушаваным колам і шчыльна зафарбаваным кругам, каб прадэманстраваць, як усе гэтыя элементы, не звязаныя паміж сабой, могуць ператварыцца ў адну карціну.
- 20 лістапада, 15:00 — 16:30 "Хто такі Пікаса?"
Тры нядзелі запар у "Доме карцін" на выставе "Вялікія класікі ХХ стагоддзя" будуць адбывацца сустрэчы з кандыдатам мастацтвазнаўства, які раскажа і пакажа, хто такія Пікаса, Міро і Кандзінскі.
Літаграфія — гэта не копія
На гучныя імёны беларус ідзе ахвотна і ўпэўнена: паглядзець на Пікаса — заўсёды годны спосаб правесці ўікэнд.
Але якімі б гучнымі ні былі імёны мастакоў, публіка нямала бянтэжыцца, калі даведаецца, што прадстаўлены будзе не жывапіс, а графіка. Летась неспрактыкаваны глядач нават часам усклікаў, маўляў, Шагал не сапраўдны! На новую выставу прыходзяць і падрыхтаваныя гледачы, якія гатовыя гадзіны праводзіць у выставачнай зале, і пачаткоўцы, якія да гэтага часу задаюцца пытаннем, ці арыгіналы перад імі.
Карэспандэнт Sputnik папрасіла Вольгу Кліп растлумачыць, што такое літаграфія і чаму прадстаўленую графіку ні ў якім разе нельга абзываць "копіяй".
"Васіль Кандзінскі, Пабла Пікаса і Хуан Міро ў сваёй творчасці часта звярталіся да тэхнік друкаванай графікі — да афорта і літаграфіі. Але глядач да друкаванай графікі ставіцца скептычна, з падазрэннем, не ведаючы ўсіх нюансаў стварэння графічных работ. Але ж арыгіналы па сваіх тэхнічных уласцівасцях лёгка адрозныя ад копіі. Копіі ствараюцца з існуючага аддрукаванага ліста. А стварэнне літаграфічных работ, хоць яны маюць некаторы наклад, працаёмкі працэс: мастак выкарыстоўвае адмысловым чынам падрыхтаваны літаграфскі камень, у некалькі слаёў наносіць на яго малюнак, пратручвае адмысловымі кіслотамі, змывае малюнак, зноўку наносіць фарбу, і толькі пасля аддрукоўвае малюнак на лісце", — патлумачыла суразмоўца агенцтва.
Калі гаворка ідзе пра каляровую літаграфію — а большасць работ, прадстаўленых на выставе, такія — то гэтую працу мастаку даводзіцца паўтараць шматкроць, таму што кожны колер аддрукоўваецца з новага каменя.
"Так што казаць аб копіях не даводзіцца — гэта арыгінальныя працы, надрукаваныя з літаграфскіх камянёў, падрыхтаваных мастакамі", — патлумачыла галерыст.
Дарэчы, прадстаўленыя мастакі актыўна працавалі ў друкаванай графіцы.
"І таму казаць, што раз гэта не жывапіс, значыць, не варты ўвагі, не слушна: акурат у графіцы мастак атрымліваў магчымасць для эксперыменту", — упэўнена Вольга.
Дарэчы, прыходзячы на выставу, наведвальнікі трапляюць і ў залы, дзе выстаўлены працы беларускіх мастакоў.
"Шмат каму аказваецца бліжэй жывапіс беларуса Сяргея Рымашэўскага — гэта зразумелыя вобразы, гэта людзі, якія атачаюць нас у штодзённасці, у адрозненне ад "дзіцячых малюнкаў" Міро. Калі глядач прапускае залу з беларусамі, у абавязковым парадку адпраўляем іх атрымаць асалоду ад усіх плошчаў", — смяецца Вольга, і карэспандэнт Sputnik, даследаваўшы залу з вялікімі мастакамі ХХ стагоддзя, накіроўваецца па шляху кожнага наведвальніка галерэі.