Расія зацікаўлена ў больш хуткай нармалізацыі адносін з Украінай, нягледзячы на тое, што ў цяперашні час гэтыя адносіны перажываюць складаны этап, заявіў статс-сакратар МЗС РФ — намеснік міністра замежных спраў Рыгор Карасін у эксклюзіўным інтэрв'ю Sputnik.
Галоўным вынікам берлінскага саміту "нармандскай чацвёркі", які адбыўся ў кастрычніку 2016 года, на думку Карасіна, стала пацверджанне ўсімі яго ўдзельнікамі прыхільнасці да мінскіх пагадненняў як безальтэрнатыўнай асновы ўрэгулявання, а таксама неабходнасці строгага захавання палажэнняў "комплексу мер" ва ўсёй іх сукупнасці і паслядоўнасці.
"Гэта з'яўляецца адпраўной кропкай для ўзгаднення алгарытму далейшых дзеянняў, імплементацыі наяўных дамоўленасцяў. У мінулы пасля саміту час эксперты працягнулі пачатае імі абмеркаванне сінхранізацыі і ўзаемаўвязкі элементаў, якія тычацца бяспекі і палітычных аспектаў", — сказаў Карасін. Паводле яго слоў, іх канкрэтныя мадальнасці знойдуць увасабленне ў "дарожнай карце". Праца над ёй працягваецца.
Мы хочам, каб у нас быў надзейны сусед
У цяперашні час РФ і Украіна, па словах Карасіна, перажываюць не самы просты этап у сваіх узаемаадносінах.
"Нягледзячы на цяперашні складаны этап у адносінах паміж Расіяй і Украінай, мы зацікаўлены ў іх хутчэйшай нармалізацыі і прагматычным узаемадзеянні з украінскімі партнёрамі па ўсіх напрамках двухбаковага супрацоўніцтва. На практыцы гэта ж у поўным аб'ёме будзе магчыма толькі пасля дасягнення ўстойлівага міру і стабілізацыі сітуацыі ў краіне", — сказаў ён.
Таму, падкрэсліў ён, больш хуткае пераадоленне Украінай зацягнутага глыбокага палітычнага і эканамічнага крызісу ў поўнай меры адпавядае інтарэсам РФ.
"Мы хочам, каб у нас быў надзейны, прадказальны партнёр і сусед", — дадаў Карасін.
Намеснік міністра замежных спраў РФ выказаў падзяку Беларусі за яе намаганні па мірным урэгуляванні. Паводле яго слоў, Мінск стаў своеасаблівай калыскай мірнага працэсу.
"Толькі тут прадстаўнікі кіеўскіх уладаў і Данбаса маюць магчымасць напрамую кантактаваць, абменьвацца думкамі адносна рашэнняў існуючых праблем. А гэта вельмі важна, паколькі менавіта наладжванне дыялогу паміж бакамі канфлікту з'яўляецца ключом да яго ўрэгулявання", — сказаў ён. Суразмоўца Sputnik падкрэсліў, што без садзейнічання беларускага боку, які ласкава прадаставіў пляцоўку для перамоваў, усё гэта зрабіць было б няпроста.
"Мы шчыра ўдзячныя беларусам за гасціннасць і намаганні, якія яны робяць па стварэнні добразычлівай атмасферы для ўдзельнікаў перамоўнага працэсу", — дадаў суразмоўца агенцтва.
Аб украінскім прадстаўніку ў кантактнай групе
У гутарцы са Sputnik Карасін пракаментаваў нядаўнія заявы прадстаўніка ад Украіны ў кантактнай групе Леаніда Кучмы аб яго намеры пакінуць склад групы.
"Мне цяжка гэта каментаваць, таму што Леанід Данілавіч Кучма мне пра гэта загадзя нічога не сказаў. Ён браў удзел у працы кантактнай групы на працягу ўсяго гэтага перыяду. Як я разумею, яго ўдзел быў эфектыўным. Што паўплывала цяпер на яго рашэнне выйсці з фармату кантактнай групы, мне невядома", — сказаў Карасін.
У той жа час ён выказаў надзею, што ўзровень аўтарытэтнасці ўкраінскага прадстаўніцтва ў групе будзе захаваны.
Статс-сакратар МЗС растлумачыў, што гэта з'яўляецца вельмі неабходным, паколькі ўсе рашэнні, якія прымае кантактная група, з'яўляюцца найбольш важнымі.
"Бо ў ёй (у кантактнай групе — Sputnik) прадстаўлены не толькі Кіеў, але і Данецк, і Луганск. Мы не павінны пра гэта забываць. Пры ўсёй важнасці нармандскага фармату іншых нейкіх структур, якія займаюцца ўкраінскім крызісам, няма, і роля кантактнай групы застаецца ключавой", — сказаў ён. "Таму ёсць надзея на тое, што ўзровень прадстаўніка ад Украіны ў кантактнай групе будзе дастаткова высокім. Галоўнае, каб ён быў упаўнаважаны прымаць рашэнні", — сказаў намеснік міністра.