Сцвярджэнне, што традыцыйная ежа беларусаў шкодзіць фігуры – міф, старадаўняя беларуская кухня першапачаткова змяшчае ў сабе сістэму здаровага харчавання, заяўляе эксперт беларускай кухні Алена Мікульчык.
"З беларускай кухняй можна схуднець. Але гэта тычыцца менавіта старадаўняй беларускай кухні, таму што сучасная вельмі сапсавалася — праз маянэз, фастфуд, праз тое, што беларусы пачалі смажыць бульбу. Дарагія, смажаная бульба — гэта не беларуская страва! У беларускай кухні смажыць не прынята!" — кажа эксперт.
Мікульчык сцвярджае, што ў традыцыйным рацыёне беларусаў не было і дранікаў, а сама ідэя гэтай стравы як сімвала Беларусі "прыцягнутая за вушы".
"У мяне ёсць здагадкі (калі знайду доказы — буду вельмі гэтым ганарыцца), што дранікі за беларусамі замацавалі ў перыяд Савецкага Саюза. На Беларусі бульба добра расце — ага, хай дранікі будуць беларускай стравай. У традыцыйнай беларускай кухні гэта страва, вядома, была, але яна не была такой папулярнай, як зараз", — сцвярджае Мікульчык.
Больш падрабязную інфармацыю пра тое, як развівалася беларуская кухня і якія прадукты складалі аснову рацыёну беларусаў, слухайце ў аўдыёзапісе.