Магічны куфар, пасаг і прыданае – маёмасць маладой
12:00 22.11.2016 (абноўлена: 09:40 28.11.2016)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСувенірны куфэрак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Думаю, шмат хто са мной пагодзіцца, што самае таямнічае месца ў старой хаце – гарышча.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Здаецца, сваё я ведаю, як пяць пальцаў на далоні, і штогод усё адно знаходжу там нешта цікавае. Мусіць, з узростам каштоўнасці мяняюцца.
Куфар
Узлезці на гарышча можна па драбіне толькі з каморы — і адразу ўвапрэшся ў велізарны куфар. Ён там стаіць, мусіць, з тых часоў, як пабудавалі хату, а па дакументах гэта было ў 1937 годзе.
Цікава. У некаторых мясцінах начынне куфара называюць прыданым, а зямельны надзел, грошы, скаціну, якіх атрымала маладая ад бацькоў, завецца пасагам.
І хоць я часта бывала ў дзедавай хаце, добра разгледзець куфар змагла толькі ў сярэдзіне 90-х, калі памерла бабуля і бацькі, пайшоўшы на пенсію, у тыя цяжкія для многіх часы, паехалі з горада жыць на вёску ў яшчэ не астылую хату.
Не заглядала на гарышча раней таму, што ў камору без дазволу гаспадыні заглядаць было не прынята не толькі ў нашай сям'і. Але пра гэты звычай раскажу калі-небудзь пазней, а зараз гаворка пра куфар.
Ён такі вялікі, што кожны раз я думала, як яго здолелі зацягнуць на гарышча? Не менш за 6-8 дужых мужыкоў спатрэбілася б! От ужо недзе пагулялі пасля такой талакі!
"Яго коні каваныя, вязуць скрыні маляваныя"
Гэты куфар быў часткай пасагу маёй бабулі, якая час ад часу ўзгадвала сваю вясельную гісторыю.
Яе Косця, прыехаўшы на вяселле да сваякоў, пабачыў прыгажуню Гэльку, пасватаўся і атрымаў згоду. На тыя часы бабуля жыла далёка і дзеду давялося разам з памагатым ехаць па яе на кані ў далёкую вёску.
Куфар пагрузілі на воз, пасадзілі каля яго маладую і павезлі далёка ад бацькоўскай хаты. Каню было цяжка, бо скрыня не была пустой, і па дарозе дзед, звяртаючыся да сваяка, пажартаваў: "А што, Антось, мо, заедзем па дарозе ў карчму і прап'ём гэты куфар? Усё каню лягчэй будзе!"
Мужыкі парагаталі, а перапужаная маладзенькая Гэлька праплакала ўсю дарогу, думаючы, што зараз у яе адбяруць самае каштоўнае, чым надзяліў яе бацька.
Кубел, бандарны выраб, у якім хавалі адзенне, саматканае палатно, каштоўныя рэчы, пасаг маладой. Меў накрыўку. Яна заціскалася зверху засаўкай (цуркай), прасунутай праз вушкі; на адным канцы цуркі часам была проразь пад замок. У канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя ў сялянскім побыце замест кубла ўсё часцей ужываліся куфры, а пазней — камоды і шафы.
Пасаг і прыданае
"Што сяляначкі пралі, што мяшчаначкі ткалі, белыя лебедзі на моры бялілі, а сястрыцы ў куфар залажылі".
Пасаг — маёмасць і грошы, што давалі бацькі маладой, калі яна выходзіла замуж.
Былі такія часы, калі жаніх даваў выкуп за маладую яе бацькам, а з сабой маладая брала толькі свае асабістыя рэчы. Пазней, апроч гэтага, бацькі і родныя маладой пачалі даваць скаціну і лён. Больш заможныя бацькі ў якасці пасагу давалі зямельны надзел і грошы.
Пасаг з'яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі, і ў выпадку падзелу гаспадаркі паміж яе членамі яна магла забраць усё, што забрала пасагам у сям'ю. Ад памеру пасагу залежыла становішча маладой у новай сям'і.
Рыхтаваць пасаг пачыналі з самага маленства дзяўчыны, бо, акрамя шматлікіх дароў для сваякоў, у пасаг уваходзіла бялізна і верхняя вопратка для жаніха, адзенне для самой нявесты, пасцель, падушкі, коўдры, дзяружкі, дываны і іншыя рэчы, неабходныя ў гаспадарцы. Усе гэтыя рэчы вырабляліся рукамі маці і самой маладой. Па іх якасці і колькасці меркавалі аб працавітасці і майстэрстве дзяўчыны.
Пра лянівую няўмеху казалі: "Пра яе не варта і спамінаць; леная, як той конь, маўляў, што ўбіў, то ўехаў. А чыстата ў хазяйстві? Сьпіць пад лаўкаю, напрануўшыся караўкаю; ад такое жонкі няхай Бог крые і заступае не то нас, дай ворага нашаго!"
Маладая брала з сабой таксама прасніцу, верацёны, церніцу, качалку, трапалку, кросны, міску і дзве лыжкі. Бацькі стараліся даць нявесце па магчымасці карову і свінню. На вяселлі родзічы часта дарылі хатнюю птушку.
Пасаг менш заможнай нявесты складаўся з рэчаў, якія змяшчаліся ў кубле (куфары).
Кубельнікі
На вясельным возе куфар у дом маладой везлі кубельнікі (сват або брат маладой), якім наказвалі не згубіць "ні скрыні, ні пярыны, ні маладой гаспадыні".
Малады павінен быў выкупіць куфар.
"Скрыня сакоча. Чаго яна хоча? Паўтара залатога ад князя маладога".
Куфар падчас вяселля даводзілася выкупаць некалькі разоў: пры вынасе з каморы, па дарозе да хаты маладога; калі яго здымалі з воза.
Куфар, скрыня — драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, адзенне, бялізну і каштоўнасці; від рухомай мэблі. Вядомы з часоў позняга сярэднявечча як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці металічнай скрыні з плоскім вечкам, часта па-мастацку акаванай і забяспечанай унутранім замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр'ерах куфры былі вялікія, драўляныя з акоўкай па кантах, пафарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. Менавіта такі атрымала ў пасаг мая бабуля.
Цацкаванне і фляндроўка
Выраб куфра часта набываў характар промыслу. Рабілі іх пераважна з сасны і часта аздаблялі мастацкім роспісам. Малюнак наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў, якія рабілі з бульбы ці рэпы.
Нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню называлася цацкаваннем. У 10-20-я гады на змену цацкаванню прыйшла фляндроўка, якая імітавала каштоўныя пароды дрэва. Пры гэтым спосабе аздаблення на паверхню выраба наносілі светлы слой фарбы, а калі ён высыхаў — яшчэ адзін, больш цёмны. Затым драўляным разным грабеньчыкам праводзілі палосы, якія высвечвалі такім чынам ніжні слой фарбы. Выраблялі куфры да 1950-х, пасля чаго іх вытворчасць практычна згасла, паколькі ў сучасным сялянскім побыце ён амаль страціў сваю былую ролю.
Паводле матываў дэкору традыцыйных куфраў сёння размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая сувенірная фабрыка, Жлобінская фабрыка інкрустацыі і інш.)
Магічная функцыя куфра
- пры цяжкіх родах у хаце адчынялі ўсе куфры. Меркавалі, што гэта аблегчыць стан парадзіхі;
- пусты куфар у сне сведчыў пра набліжэнне чыёйсці смерці ў доме.
Наразе ўсё, спадзяюся, што вам было цікава.
Шануйце нашы традыцыі, купляйце куфры і куфэрачкі — і няхай вам будзе што ў іх пакласці.
Да сустрэчы!