МІНСК, 22 ліс — Sputnik. Для барацьбы з галалёдам у зімовы перыяд сталічныя дарожнікі нарыхтавалі каля 56 тысяч тон пясчана-салянай сумесі, а таксама солі ў чыстым выглядзе, распавёў на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік гендырэктара па бягучаму ўтрыманню аб'ектаў добраўпарадкавання ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" Анатоль Жамоздзік.
Паводле яго слоў, соль і пясчана-солевыя сумесі застаюцца для Беларусі аптымальнымі процігалалёднымі сродкамі.
"Больш дзейсных сродкаў у суадносінах "кошт-якасць", чым соль, для нас няма. Ведаю, што ў Швецыі ўжываюць іншыя матэрыялы — гранітную дробку, да прыкладу, якая потым змятаецца. Але, па-першае, гэта вельмі дорага, а па-другое, у нас крыху іншыя ўмовы", — удакладніў Жамоздзік.
Не прымяняюць у Беларусі і вопыт ачышчэння дарожна-вулічнай сеткі адмысловымі мыйнымі сродкамі. У Маскве, у прыватнасці, двойчы ў год пыл і бруд з вуліц змываюць пры дапамозе адмысловых шампуняў.
"Мы вуліцы шампунем не мыем", — сказаў Жамоздзік.
Разам з тым намеснік гендырэктара "Гаррамаўтадара" распавёў, што сталічныя дарожныя службы цалкам гатовыя да зімовага сезону: адрамантаваная тэхніка, зацверджаны і ўзгоднены 18 пляцовак для складзіравання снегу, не выключана, што гэтай зімой, нарэшце, запрацуе снегаплавільны пункт, размешчаны на вуліцы Машынабудаўнікоў.