МІНСК, 23 ліс — Sputnik. Швейцарская кампанія Stadler стала пераможцам тэндэру на пастаўку 40 трамваяў "Мяцеліца" для горада Астрава ў Чэхіі, гэтыя машыны будуць выраблены на заводзе Stadler-Мінск, паведамляе рэсурс Metro-report.
На тэндэры, які праходзіў сёлета ўлетку, трохсекцыйнаыя трамваі беларускай вытворчасці пераўзышлі чэшскі аналаг.
"Гэта будзе першы ў гісторыі сучаснай Чэхіі выпадак пастаўкі трамваяў замежным вытворцам", — прыводзіць інтэрнэт-рэсурс выказванні мэра Астравы Томаша Мацура.
Па ўмовах кантракту, першыя 10 трамваяў завод павінен паставіць на працягу года, увесь аб'ём тэхнікі павінен быць пастаўлены ў Астраву да канца 2020 года.
Беларуска-швейцарскае ЗАТ "Штадлер Мінск" спецыялізуецца на выпуску электрацягнікоў. У пачатку рэалізацыі праекта сузаснавальнікамі з'яўляліся ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу" Белкамунмаш", якое належыць дзяржаве, і швейцарская кампанія Stadler Rail AG.
Першапачаткова Stadler Rail AG мела долю 60% у статутным фондзе прадпрыемства,"Белкамунмаш" унёс у статутны фонд нематэрыяльныя актывы коштам 6,9 мільёна еўра.
У далейшым Stadler Rail AG цалкам выкупіла долю дзяржавы. У 2012 годзе "Штадлер Мінск" пачаў будаўніцтва завода ў Фаніпалі, адкрыццё прадпрыемства адбылося ў лістападзе 2014 года пры ўдзеле ў цырымоніі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
З 1 ліпеня 2016 года ў Краснадарскім краі РФ пачаліся тэставыя выпрабаванні трамвая "Мяцеліца". Першым буйным пакупніком трамваяў "Мяцеліца" стала пецярбургская "Транспартная канцэсійная кампанія" (ТКК), якая набыла 23 трамваі.