МІНСК, 27 ліс — Sputnik. Толькі адзін працэнт беларускіх кніг знаходзіцца сёння ў кнігагандлі, заявіў кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Кіраўнік аб'яднання пісьменнікаў адзначыў, што шмат у чым на з'ездзе СПБ 29 лістапада будзе абмяркоўвацца менавіта пытанне з продажам беларускіх кніг і іх абаронай ад канкурэнцыі з імпартнымі.
"Кніг беларускіх аўтараў прадаецца сёння разоў у 90 менш, чым кніг у цэлым. Па падліках, толькі 1% беларускіх кніг знаходзіцца ў кнігагандлі. Астатнія — прывазныя, прыгожа аформленыя, але нярэдка за гэтай вокладкай нічога няма. Праблема пагаршаецца тым, што ПДВ на кнігу нашу — 20%, а, скажам, у Расіі ці Казахстане — 10%. Наша кніга не вытрымлівае коштавай канкурэнцыі. У гэтай сітуацыі мы ставім пытанне аб абароне беларускай літаратуры", — заявіў Чаргінец газеце "СБ. Беларусь сегодня".
Кіраўнік саюза прывёў прыклад: у Францыі за паказ замежных фільмаў адлічэнні ідуць на ўмацаванне нацыянальнага кіно.
"Добра было б і нам зрабіць так у справе кнігараспаўсюджвання", — сказаў ён. Чаргінец таксама адзначыў, што праблему, відавочна, варта вырашаць на дзяржаўным узроўні.