Літоўскі грыбок і пеставанне ўнукаў – традыцыі выхавання ў беларусаў

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГрыбок
Грыбок - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У кароткія восеньскія дзянёчкі здаецца, што час бяжыць вельмі хутка. Здаецца, толькі была раніца і раптам ужо вечар. І так штодня. Толькі паспявай перагортваць лісткі календара.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
На мінулым тыдні народны каляндар нагадваў нам пра Матрону, з якой пачынаецца зіма, і Хвёдара Студзянца, Кацярыну, якая забрала лета, і Івана Міласцівага, у дзень шанавання якога было прынята чым-небудзь дзяліцца і рабіць падарункі.
Наўздагон часу асабліва хочацца ўзгадаць яшчэ два святы. 21 лістапада святкавалі Міхайла, дзень, калі ў беларусаў прынята было наведваць бабуль і дзядуль, а 27-га ўзгадвалі Юсцініяна, які прызнаны апекуном дзяцінства. Сябры, добрыя звычаі тыдня — выдатная нагода зрабіць свята любімым бацькам і дзецям у любы бліжэйшы час!
Мне пашанцавала. У бацькоў маёй маці я была першай унучкай і мой дзядуля, меньш заняты па гаспадарцы, з задавальненнем няньчыўся са мной, квёлай і дробнай на выгляд дзяўчынкай.
Такую "мурашку" трэба добра карміць, каб з яе што путнае вырасла, мусіць, разважаў стары Кастусь — і карміў мяне з лыжкі, абяцаючы, што павязе катацца на кані, калі з'ем кашу.
Радасная перспектыва кудысці ехаць натхняла. Але кожны раз, у завяршэнні абеду, ён пляскаў у далоні і горача абвінавачваў суседа: "От, хітры Ехімовіч, зноў каня скраў!"
Не мне вам тлумачыць, што сусед быў ні пры чым, а дзядуля ведаў, чым мяне пасля супакоіць. У яго вялікіх кішэнях хаваліся цукеркі, семкі і чырвоныя яблычкі, а ў галаве месцілася безліч казак.
Пайшоў каток пад масток, злавіў рыбку за хвасток.
Ці самому есці, ці малому несці?
А я трошкі адкушу ды малечы аднясу…
Прыемна слухаць казкі, прытуліўшыся да дзеда. Мой быў сапраўдны казачнік-бай! Выразнае народнае слова, прыказкі і прымаўкі, якімі сыпаў, як з меха, дзед. Вось некаторыя з іх:
  • Наеўся, як бык, перагнуўся, як смык, і галодны, як сабака;
  • Што ты пляцеш смалянога дуба (у сэнсе — маніш, расказваеш небыліцы, бо ў дуба няма смалы);
  • Не бі сабаку кіем, бо ён яшчэ больш брахаць будзе;
  • Не біце вяроўкамі, навучайце гаворкамі!
  • Любі дзіця ў душы, але віду не паказвай.
У дзедавай хаце было заведзена — выхоўваць дзяцей прыкладам і словам.
У аснове народнай педагогікі беларусаў былі даволі суровыя адносіны бацькоў да дзяцей.
Да нашых дзён у свядомасці народа захавалася перакананне, што любіць дзяцей трэба ў душы, не паказваючы свае пачуцці, бо інакш працэс выхавання не будзе мець добрых вынікаў.
Звычайна казалі: "Не хваліце дзіця, няхай людзі пахваляць".
Можа і не варта хваліцца сваім дзіцёнкам перад чужымі людзмі, бо каб не сурочылі, але самім то за паслухмянасць, поспехі ў навучанні і добрыя ўчынкі дзяцей хваліць трэба.
Каля бабулі і дзядулі працоўныя навыкі дзецьмі засвойваліся лепей. Заахвочваючы да працы, бабуля плаціла нам сімвалічныя грошы за выпас каровы або праполку агарода. Так прывучалі цаніць і берагчы кожную капейку. Ну і ў кіно ў вясковы клуб можна было схадзіць за свае.
Ужо хто больш песціць дзіця, дык гэта дзядуля з бабуляй. Яны заўсёды трымаюць для ўнукаў які-небудзь пачастунак.
Бадай адзін з самых яркіх малюнкаў дзяцінства, які ўсплывае перад вачыма, гэта светлы вобраз бабулі, якая адсунула засланку ў печы, а ў сярэдзіне на вялікай патэльні свеціцца жоўты "грыбок"…
Грыбок ніколі не называлі неяк іначай. Ні пірог, ні запяканка, ні бабка, а проста "грыбок". Дастаткова было папрасіць: "Бабуля, спячы грыбок!" І праз пэўны час дзіўным чынам надзвычай смачны на нашу дзіцячую думку "піражок" з'яўляўся на стале. Знешне ён сапраўды нагадваў шапку вялікага грыба падасінавіка, якія часам трапляліся нам у лесе.
Дарэчы, паглыбіўшыся ў пошукі кулінарных рэцэптаў, мне пашанцавала знайсці некалькі спосабаў прыгатавання грыбкоў у старадаўніх кухарскіх кнігах. Прааналізаваўшы іх, зразумела, што грыбок не пірог, а своеасаблівая яечня, збітая з мукой і малаком.

Грыбок літоўскі   

  • 3 шклянкі малака,
  • 6-7 яек,
  • 1,5 ст лыжкі масла,
  • 2 шклянкі мукі,
  • крыху солі.
Узяць малако, яйкі, лыжку топленага масла, соль і ўсё гэта добра размяшаць або ўзбіць міксерам; потым дасыпаць столькі мукі, каб маса была трохі гусцейшая чым на наліснікі, і старанна вымешаць. Каб зрабіць грыбок салодкім, трэба дадаць па смаку ў цеста цукар.
Для гэтага грыбка трэба мець вялікую патэльню, шчодра вышмараваць яе маслам, заліць тонкім слоем цеста і паставіць у печ. Калі зверху крыху запячэцца, пакласці некалькі кавалачкаў масла і дапякаць. Калі цеста зашмат для адной патэльні, трэба другую палову пячы на іншай, бо налітае тонкім слоем выпякаецца лепей і падымаецца з беражкоў. Гэты рэцэпт разлічаны на 8 асоб.
"Грыбок літоўскі" падаецца мне найбольш старажытным варыянтам гэтай стравы. З цягам часу ў рэцэптуры гэтай яечні пачало з'яўляцца ўсё больш новых інгрыдыентаў: цукар, карыца, міндальны арэх. Гэта сведчыць пра папулярнасць яе сярод заможнага люду, паколькі прывазныя спецыі заўсёды дорага каштавалі.
Запіўшы салодкім малаком ладны кавалак грыбка доўга не хацелася есці і, калі бабуля не загадвала якую-небудзь працу, можна было бегчы гуляць на двор ці займацца чымсці ў хаце, напрыклад маляваць, рабіць лялькі ці проста глядзець у вакно.
Паспрабуйце прыгатаваць грыбок і вы, раптам спадабаецца.
Не сумных вам дзён!
Да сустрэчы.
Стужка навiн
0