МІНСК, 29 ліс — Sputnik. Беларускія біятланісты Сяргей Бачарнікаў і Уладзімір Чапелін выйдуць на старт у індывідуальнай гонцы на першым этапе Кубка свету, паведаміў старшы трэнер мужчынскай зборнай Беларусі Аляксандр Сыман.
У гэтыя дні ў шведскім Эстэрсундзе праходзіць першы этап біятлоннага КС. У мінулую нядзелю праграму спаборніцтваў адкрылі змяшаная эстафета і супермікст, у якіх беларусы занялі 14-е і дзесятае месцы адпаведна. У чацвер, 1 снежня, на старт у індывідуальнай дысцыпліне выйдуць мужчыны.
"Склад на "дваццатку" (дыстанцыя ў індывідуальнай мужчынскай гонцы складае 20 кіламетраў — Sputnik) у працэсе вызначэння. Пакуль гатовы назваць толькі два прозвішчы — Чапеліна і Бачарнікава", — прыводзіць словы Сымана прэс-служба Беларускай федэрацыі біятлона.
Каментуючы ўдзел сваіх падапечных у эстафетах на старце сезона, Сыман заўважыў, што "перахлёст матывацыі прывёў да скаванасці на агнявых рубяжах".
"Хлопцы вельмі сур'ёзна настройваліся, і гэта пайшло ім і камандзе не на карысць, а на шкоду. Перахлёст матывацыі прывёў да скаванасці на агнявых рубяжах. Пры гэтым рухаліся вельмі перспектыўна, з добрай хуткасцю. Асабліва Чапелін. Хоць, магчыма, Валодзя нават захапіўся, перабраў, што і перашкодзіла яму ў стральбе стоячы", — удакладніў трэнер.
Па словах Сымана, праблемная стральба Юрыя Лядава выявілася ў змяшанай эстафеце.
"Мы разлічвалі, што дадатковыя патроны разняволяць Юрыя, але выйшла ўсё інакш. Ці не спрацаваў, як трэба было, з папраўкамі на вецер", — дадаў ён. Датычна Бачарнікава, Сыман сказаў, што той "адпрацаваў у сваю сілу". Індывідуальная мужчынская гонка ў Эстэрсундзе адбудзецца 1 снежня а 19:50. У прамым эфіры яе пакажа тэлеканал "Беларусь 5".