МІНСК, 30 ліс — Sputnik. Кошт авіябілетаў на рэйсы нацыянальнага авіяперавозчыка — авіякампаніі "Белавія" ў 2017 годзе будзе зніжацца, заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Калінін.
"Працягнецца аптымізацыя кошту авіябілетаў — гэта адна з прыярытэтных задач, пастаўленая грамадствам і ўрадам перад авіягаліной", — сказаў Калінін, выступаючы ў сераду ў Авальнай зале беларускага парламента.
Паводле яго слоў, таксама ў 2017 годзе працягнецца будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Гэты аб'ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2018 годзе.
Калінін таксама распавёў, што ў 2017 годзе пачнецца перанос мінскага авіярамонтнага завода за межы горада. Вызваленне пляцоўкі дазволіць пачаць на ёй рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве комплексу Мінск-Мір.