МІНСК, 2 сне — Sputnik. Надыходзячая зіма будзе халадней мінулай, але сярэдняя тэмпература паветра не перавысіць кліматычную норму, паведамілі ў Гідрамеце.
"Зіма 2016-2017 года чакаецца халадней мінулагодняй зімы, якая ўвайшла ў пяцёрку самых цёплых зім за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі на гэты зімовы сезон чакаецца каля кліматычнай нормы", — паведаміў Sputnik у чацвер начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Паводле яго слоў, сярэдняя колькасць ападкаў у будучы зімовы сезон у Беларусі чакаецца больш за кліматычную норму.
Рабаў распавёў, што кліматычная зіма прыходзіць у Беларусь у лістападзе, калі сярэдняя сутачная тэмпература паветра паніжаецца да значэнняў ніжэй 0°C. "Каляндарнай зімой прынята лічыць перыяд са снежня па люты ўключна, але і ў першым вясновым месяцы сакавіку яшчэ могуць назірацца характэрныя прыкметы зімы", — растлумачыў сіноптык.
Паводле яго слоў, у цэлым працягласць зімовага перыяду вагаецца ад 105 дзён на паўднёвым захадзе краіны да 145 на паўночным усходзе. "У напрамку з паўднёвага захаду на паўночны ўсход узрастае не толькі працягласць зімы, але і яе ўстойлівасць, што праяўляецца ў большай стойкасці снежнага покрыва, у яго магутнасці", — сказаў Рабаў.
Зімовыя месяцы
У снежні 2016 года сярэдняя тэмпература паветра чакаецца блізка да нормы, сярэдняя месячная колькасць ападкаў чакаецца больш за сярэднія шматгадовыя значэнні, сказаў суразмоўца агенцтва.
У студзені сярэдняя тэмпература паветра чакаецца блізка да нормы, па захадзе краіны на 1ºC вышэй за норму, у параўнанні са снежнем яна паніжаецца на 2,7ºC, а сярэдняя колькасць ападкаў чакаецца ніжэй сярэдніх шматгадовых значэнняў, удакладніў Рабаў.
У лютым сярэдняя месячная тэмпература паветра мяркуецца на 0,5°С вышэй за норму, але па поўначы краіны на 0,5ºC ніжэй, сярэдняя колькасць ападкаў чакаецца каля нормы, па паўночным усходзе крыху менш, удакладніў ён.
Зімовыя ападкі
Сярэдняя колькасць ападкаў у будучы зімовы сезон у Беларусі чакаецца больш за кліматычную норму, адзначыў сіноптык
За зіму ў Беларусі выпадае ў сярэднім 115 мм ападкаў (кліматычная норма). Ападкі выпадаюць у сярэднім кожны другі дзень.
Зімовыя страхі
Спецыяліст адзначыў, што гэтай зімой не абыдзецца без складаных умоў надвор'я, але сіноптыкі будуць пра іх загадзя папярэджваць.
"Будуць, вядома, і неспрыяльныя і небяспечныя з'явы надвор'я — снегапады, моцны вецер, завеі, туманы і галалёдныя з'явы, але мы будзем загадзя папярэджваць аб чаканых складаных умовах надвор'я", — сказаў ён.
Зімовыя рэкорды
За апошнія 100 гадоў самай цёплай у Беларусі была зіма 1989-1990 гадоў з сярэдняй па краіне тэмпературай паветра за сезон —0,1°C, а самай халоднай — зіма 1939-1940 гадоў з сярэдняй тэмпературай —10,9°C, паведаміў Рабаў.
Абсалютны мінімум тэмпературы паветра, —42,2°C, быў зарэгістраваны 17 студзеня 1940 года на метэастанцыі Слаўнае (Талочын), абсалютны максімум тэмпературы паветра, +17,2°C, быў адзначаны 21 лютага 1990 года на метэастанцыі Брэст, удакладніў ён.