МІНСК, 3 сне — Sputnik. Аматары інтэлігентнай беларускай музыкі ў гэтыя выходныя напэўна ірвануць у Вільню, дзе адбудзецца прэзентацыя новага альбома Лявона Вольскага "Псіхасаматыка".
Для тых, хто застаецца дома або аддае перавагу іншым жанрам і відам вольнага часу, шукаем альтэрнатыўныя варыянты адпачынку ў Мінску.
Дай Дарогу!
Каралі беларускага панк-рока ў суботу прэзентуюць сінгл "Звольніце". "Гэтая песня прысвячаецца пакаленню, якому цяжка, усім, хто з цяжкасцю зводзіць канцы з канцамі, хто пражывае на здымных кватэрах… Усім, чые мары сканчаюцца ў глянцавых часопісах і раствараюцца ў безвыходнасці рэалізацыі сябе, упіраючыся ў тупік пражытачнага мінімуму", — сцвярджае фронтмэн групы Юрый Сатыльскі.
Відавочцы сцвярджаюць, што сталічныя сольнікі "Дай Дарогу!" з году ў год збіраюць пад адным дахам паўтаратысячны натоўп фанатаў з усіх куткоў Беларусі і блізкага замежжа.
Калі ёсць жаданне далучыцца, то канцэрт "Дай Дарогу!" пачнецца ў клубе Re:Public у 19:00. Кошт квіткоў — ад 10 рублёў.
Галусцян і Рэва ў Палацы Рэспублікі
Рэзідэнт Comedy Club Аляксандр Рэва і герой скетчаў "Наша Russia" Міхаіл Галусцян абяцаюць мінскай публіцы "эпічнае" відовішча. У праграме будуць мініяцюры пра легендарную Гадзю Пятровіч Хрэнову, якая "так моцна згубілася, што страціла тое месца, дзе я згубілася" і двубой Сталонэ і Шварцэнэгера. Цытата з апошняй сцэнкі дала назву ўсяму шоу комікаў — Best of the best of the best!
Убачыць былых КВЗ-шнікаў, а цяпер топавых расійскіх комікаў можна будзе ў суботу ў Палацы Рэспублікі, а 19:00. Кошт квіткоў — ад 35 рублёў.
Экс-салістка "Ленінграда"
Яшчэ адна экс-салістка "Ленінграда" вязе сваю праграму ў Мінск. І зноў запрашае не ў канцэртную залу, а ў клуб. На мінулым тыдні свае сольныя магчымасці мінскай публіцы паказала выканаўца "Лабутэнаў" Аліса Вокс, а ў суботу пакажа, што можа без Сяргея Шнурава яе папярэдніца Юлія Коган.
Арганізатары абяцаюць "пранікальны ў душу магутны вакал праўдзівай соўл-дзівы і шалёную энергію і экспрэсію сапраўднай rude-girl". Ацаніць вакал і энергію экс-"Ленінградкі" можна будзе ў суботу ў клубе-рэстаране "Crazy Horsе" з 23:00. Кошт квіткоў — ад 20 рублёў.
Фестываль ежы і напояў Food Show
Вялікае гастранамічнае свята адбудзецца ў гэтыя выходныя ў мінскім Палацы спорту. Падчас "Фуд-шоу" запланавана мноства майстар-класаў па правільнай падрыхтоўцы навагодніх страў. Акрамя таго, будуць квэсты, розыгрышы, прыемныя бонусы і шмат музыкі.
Наведаць смачны фестываль можна будзе ў суботу і ў нядзелю з 11 да 19 гадзін. Кошт квітка — ад 3 рублёў для школьнікаў, студэнтаў і пенсіянераў і да 5 для усе астатніх.
Лядовае шоу "Аладзін і Уладар агню"
Старую казку на новы лад прадставяць у суботу на лёдзе "Чыжоўка-арэны" артысты гродзенскай філармоніі. Публіку абяцаюць правесці па вулачках старога Дамаска, а потым разам з Аладзінам і яго камандай перанесціся на дыване-самалёце ў мінулае і будучыню.
Пастаноўка здабыла асаблівы шарм дзякуючы фігурнаму катанню, цыркавым трукам, неверагодным піратэхнічным эфектам, фантастычным касцюмам і дэкарацыям.
Пачатак 3 снежня а 12:00 і 16:00, 4 снежня ў 12:00. Кошт квіткоў — ад 15 рублёў. Уваход для дзяцей да 6 гадоў бясплатны.