МІНСК, 4 сне — Sputnik. Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА папоўніўся 12 новымі элементамі ў ходзе пасяджэння профільнага камітэта арганізацыі ў Эфіопіі.
Пералік нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ўключае элементы, "якія дэманструюць разнастайнасць нематэрыяльнай спадчыны і якія дапамагаюць у поўнай меры ўсвядоміць яе важнасць". Сёння ў спіс унесены ўжо 366 элементаў.
Як паведамілі ў прэс-службе ЮНЕСКА, на гэтым тыдні ў спіс трапілі спевы на мове бхаджпуры на Маўрыкіі, конная традыцыя Мексікі, карнавал у Эль-Кальян і рамяство вырабу насценных дываноў у Румыніі і Малдове.
Таксама ў пералік трапіла швейцарскае свята вінаробства, в'етнамскія вераванні ў багінь-матуль трох светаў, лялечны тэатр Славакіі і Чэхіі, прадстаўленне Пакуты Хрыстовы ў Шкофья-Лока і турэцкае рамяство "чыні" — выраб керамічнай пліткі з ўзорамі.
Патрапілі ў спіс таксама таджыкскія і ўзбекскія рэцэпты плову — усяго іх каля 200 розных варыяцый.
Беларускую заяўку па прызнанні спадчынай Будслаўскага фэсту пакуль не задаволілі — у заяўцы рэспублікі было недастаткова інфармацыі. Пакуль з 366 элементаў нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі прадстаўлены толькі абрад па святкаванні Калядаў — "Калядныя цары".