МІНСК, 6 сне — Sputnik. Маршал сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі параўнаў Мінск і Варшаву і адзначыў, што польскай сталіцы не хапае шырокіх праспектаў, пра гэта ён выказаўся ў аўторак падчас сустрэчы са студэнтамі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
Дэкан філфака Іван Роўда запэўніў Карчэўскага: польская мова вельмі папулярная сярод студэнтаў. Напярэдадні спікер беларускага сената Міхаіл Мясніковіч нават называў лічбы: у Беларусі каля пяці тысяч людзей вучаць польскую мову.
У ходзе сустрэчы Карчэўскага са студэнтамі кіраўніцтва факультэта прапанавала праверыць сваіх выхаванцаў на веданне мовы. Да радасці маршала сената, некалькі студэнтаў прачыталі верш і нават разыгралі сцэнку на польскай мове.
"Нам важныя добрыя адносіны з Беларуссю па ўсіх напрамках, у тым ліку і ў адукацыі. Я рады, што беларускі сенат падтрымаў напярэдадні ідэю супрацоўніцтва паміж універсітэтамі нашых краін", — заявіў Карчэўскі падчас сустрэчы.
Маршал распавёў аб заключаным бакамі пагадненні: яно дазваляе абменьвацца студэнтамі, выкладчыкамі і навукоўцамі. Адна са студэнтак папрасіла Карчэўскага зрабіць больш даступным акадэмічны абмен паміж краінамі — той ідэю падтрымаў.
Выказаўся Карчэўскі і пра свае ўражанні ад паездкі ў Беларусь — яго візіт у Мінск завяршаецца ў аўторак.
"Такая інтэнсіўная праграма, што не хапіла часу паглядзець горад. Але мы паглядзелі з вокнаў машын — горад вельмі прыгожы і ў вас няма пробак. У вас ёсць кальцавая дарога, напрыклад, і вялікія праспекты, а ў Варшаве такога няма. Мне вельмі падабаецца Мінск і Беларусь", — выказаўся сенатар.
Карчэўскі нагадаў студэнтам і аб грамадзянскай актыўнасці — па яго словах, дзякуючы маладым людзям і руху "Салідарнасць" абрынулася Берлінская сцяна і камунізм у Еўропе быў пераможаны.
"Не абмяжоўвацца навукай. Важна сустракацца з людзьмі і быць лідэрамі, а не толькі быць у інтэрнэце. Калі вы ў сабе бачыце такія якасці, то хутка зможаце іх выкарыстоўваць, а дзе — потым пабачым", — дадаў ён.
Суправаджалі Карчэўскага падчас візіту ва ўніверсітэт рэктар БДУ Сяргей Абламейка, спікер Савета Рэспублікі Мясніковіч, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў і польскі пасол Конрад Паўлік. Па завяршэнні сустрэчы Карчэўскі падарыў ВНУ падручнікі польскай мовы, а рэктару — памятны знак з гербам польскага Сейма.