Каля 50 удзельнікаў рэканструктарскіх клубаў прыехалі з розных польскіх гарадоў у Гродна, дзе была рэзідэнцыя караля Стэфана Баторыя. Апошнія гады свайго жыцця ён правёў у Гродна і памёр 430 гадоў таму ў Старым замку.
Рэканструктары былі апранутыя ў вопратку і ваенную форму XVI стагоддзя, аднак самымі яркімі героямі былі крылатыя гусары — элітныя конныя войскі Баторыя. Галоўнае іх адрозненне — гэта велізарныя крылы за плячыма.
Напярэдадні адбылося ўрачыстае шэсце ад сцен Новага замка да Фарнага касцёла, дзе прайшло набажэнства ў памяць польскага караля.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Саюз палякаў на Беларусі, варшаўская НДА "Гусар" і група гістарычнай рэканструкцыі "Харугва гетмана Станіслава Жалкеўскага".